У Варшаве 26 лістапада абвясцілі пераможцаў літаратурнай Прэміі Гедройца.
Кнігі, якія бралі ўдзел у конкурсе, былі напісаныя на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і былі выдадзеныя ў 2020 годзе.
Першае месца з кнігай «Па што ідзеш, воўча?» заняла Ева Вежнавец – «за стварэнне арыгінальнага мастацкага хранатопу і перадачу аўры беларускасці на фоне глабальнага свету і ўніверсальных каштоўнасцяў». Ёй жа прысудзілі і адмысловую прэмію ад «Еўрарадыё».
Таня Скарынкіна з творам «Райцэнтр» атрымала другую прэмію «за засваенне новага фармату айчыннага нон-фікшн, дзе стварэнне поліфанічнага свету беларускай правінцыі спалучаецца з непасрэднасцю аўтарскага выказвання».
Бронза ў Сяргей Абламейкі за выданне «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі». Яму ўручылі ўзнагароду «за натхнёны і пераканаўчы расповед пра палітычнае нараджэнне Беларусі і беларускай нацыі».
У складзе журы прэміі Гедройца сёлета працавалі: літаратурны крытык Наста Грышчук; журналіст, літаратар, крытык Сяргей Дубавец; культуролаг, крытык, эсэіст Максім Жбанкоў; літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар Анжэла Мельнікава; літаратар, літаратуразнаўца Алесь Пашкевіч.
МГ belsat.eu