Масіраваны абстрэл Украіны і землятрус з больш чым 300 ахвярамі ў Інданезіі. Галоўныя падзеі свету за тыдзень

Новы масіраваны абстрэл Украіны, паводка з-за моцных дажджоў у Албаніі, выбухі ў Ізраілі ды Сірыі, жыццё прыфрантавога Бахмуту ва Украіне, запуск субарбітальнай ракеты ў Швецыі ды землетрасенне ў Інданезіі – сабралі галоўныя сусветныя падзеі ў фотаздымках.

Жыхары ходзяць паміж затопленымі дамамі ў Албаніі. У краіне два дні ішлі моцныя дажджы, якія прывялі да разліву рэк і паводкі. Шкодэр (Shkodra), Албанія. Фота: Gent Shkullaku / AFP / East News
Прадстаўнікоў прэсы стрымліваюць імправізаванай агароджай перад матчам на чэмпіянаце свету па футболе. Люсайль (Lusail), Катар. Фота: Evrim Aydin / Anadolu Agency / abacapress. com / East News
Эксперты па абясшкоджванні бомбаў і ізраільская паліцыя працуюць побач з пашкоджаным аўтобусам пасля выбуху на прыпынку. Загінуў як мінімум 1 чалавек, 18 пацярпелі. Іерусалім (Yerushalayim), Ізраіль. Фота: Ronen Zvulun / Reuters / Forum
Сельскія жыхары прымаюць удзел у 200-гадовым свяце рыбалкі ў горадзе Сілет (Sylhet). Ранняй зімовай раніцай людзі з розных куткоў вобласці збіраюцца на біржы з рознымі відамі рыбалоўных пастак, зробленых з бамбукавага трыснёга, каб паўдзельнічаць у ім. Сілет (Sylhet), Бангладэш. Фота: Eyepix / Abaca Press / Forum
Медыкі транспартуюць параненага з стабілізацыйнага цэнтру ў лякарню. Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна. Фота: Белсат
Украінскія артылерысты страляюць з 130-мм гарматы М-46 недалёка ад Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. Фота: Белсат
Сірыйскі горад Азаз (Azaz) трапіў пад ракетны абстрэл, у выніку якога загінулі 5 чалавек і столькі ж пацярпелі. Горад знаходзіцца ў 10 кіламетрах ад турэцка-сірыйскай мяжы. Хто стаіць за тым, што здарылася, пакуль дакладна невядома. Азаз (Azaz), Сірыя. Фота: Alif Bakri / AFP / East News
Запуск субарбітальнай ракеты «SubOrbital Express 3» з Касмічнага цэнтру «Эсрэйндж» на поўначы Швецыі. Сярод грузаў на борце былі навуковыя эксперыменты па вывучэнні ўсяго: ад ствалавых клетак для даследавання дыябету да часціц, якія, магчыма, дадуць адказы на пытанні паходжання планет, паведаміла дзяржаўная Шведская касмічная карпарацыя (SSC). Юкасьярві (Jukkasjärvi), Швецыя. Фота: Marc Preel / AFP / East News
Жыхары Кіева напаўняюць пластыкавыя бутэлькі вадой у парку. З-за абстрэлаў аб’ектаў інфраструктуры Украіны, у сталіцы ды іншых гарадах знікла не толькі электрычнасць, але і водазабеспячэнне. Кіеў, Украіна. Фота: Genya Savilov / AFP / East News
Мужчына нясе сваё дзіця на лячэнне ў больніцу пасля землятрусу магнітудай 5,6 балаў у інданезійскім горадзе Чыянджур (Cianjur). Колькасць загінулых – мінімум 310 чалавек, а таксама сотні зніклых без вестак. Чыянджур (Cianjur), Інданезія. Фота: Dicky Bisinglasi / Zuma Press / Forum
Львоў застаўся без святла з-за масіраванага ракетнага абстрэлу з боку Расеі. 23 лістапада па Украіне было выпушчана 70 крылатых ракет з самалётаў стратэгічнай авіяцыі і караблёў Чарнаморскага флоту, з якіх 51 ракету і 5 дронаў-камікадзэ знішчыла ўкраінская сістэма СПА. Львоў, Украіна. Фота: Pavlo Palamarchuk / Reuters / Forum
Ратавальнікі працуюць на месцы ракетнага абстрэлу жылога дому ў Вышгарадзе. Усяго 23 лістапада загінулі 10 чалавек, дзясяткі пацярпелі. Вышгарад, Кіеўская вобласць, Украіна. Фота: Stringer / Reuters / Forum
Спадарожнікавы здымак паказвае абясточаную Украіну сярод начнога ззяння краін Еўропы з космасу. 23 лістапада Украіна падвергнулася масіраванаму ракетнаму абстрэлу, з-за якога ва ўсіх рэгіёнах краіны былі ўведзены аварыйныя адключэнні электраэнергіі. Фота: NASA / Reuters / Forum

Агата Квяткоўская belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны