Кульмінацыяй фестывалю беларускага кіно «Бульбамуві – 2023», які праходзіць у Варшаве, стаўся прэм’ерны паказ двух эпізодаў серыялу «Працэсы». 25 лістапада на экране варшаўскага «Ілюзіёну» паказалі «Патрыятычнае практыкаванне» і «Прыснілася». Сон пра дождж, шампанскае ў руках беларускага міністра і пісталет у руцэ беларускага школьніка. «Белсат» пабываў на прэмʼеры ды паглядзеў іншыя стужкі другога дня фестывалю.
«Бульбамуві – 2023» пачаўся з «Развітання» – прэмʼеры шчымлівага фільму Якуба Станкевіча пра беларускую прастору, жыць без якой – здаецца часам – не мае сэнсу. Пра тую самую – з палямі, дажджамі, каровамі ў туманамі і радыё ў куточку сялянскай хаты. Адкрытую і не закратаваную. Эх…
Цягнік, перастук калёс, дарога. Такі тон і рытм задаў фестывалю першы фільм фестывалю.
Новы этап – эмігранцкі
На цырымоніі адкрыцця стваральнік і дырэктар «Бульбамуві» Януш Гаўрылюк казаў пра новы этап у развіцці праекту – эмігранцкі. Калі перайначыць словы дырэктара, то гучала б так: кожнае развітанне імкнецца да сустрэчы. Такі шлях. Дарога, якая вядзе да новых прастораў. У кінамастацтве – таксама.
Прастора варшаўскага кінатэатру «Ілюзіён», які трэці год запар прымае фестываль «Бульбамуві», сустракае беларускіх гледачоў цеплынёй (ва ўсіх сэнсах) і банерамі з выявай беларускага актора Алега Гарбуза ў цэнтры. Доўгачаканая прэмʼера яшчэ двух навелаў серыялу «Працэсы» – разынкі і кульмінацыі сёлетняга кінафэсту – ужо вось-вось. Гарбузу, які сыграў у эпізодзе «Прыснілася» міністра аднаго з беларускіх міністэрстваў, сніўся дождж і кветкі. У Варшаве 25 лістапада церушыў лёгкі снег…
Але не забягаем наперад. Другі дзень фестывалю быў насычаны падзеямі. З самага ранку – прагляд маладога беларускага кіно. Потым – паказ дакументальнай стужкі ўкраінскай рэжысёркі Таццяны Ганьжы «Букіністы» – гісторыя кніжнага базару ў Кіеве, які менш чым праз месяц пасля пачатку вайны ва Украіны ўзнавіў сваю працу, бо «кнігі ўсім дапамагаюць».
«Свабода – гэта калі звер выскоквае з клеткі…»
Пасля «Букіністаў» – 83-хвілінная стужка швейцарскага рэжысёра Паўла Січэка пра дыпламата, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года і былога палітвязня Андрэя Саннікава.
«Я не вытрымала. Калі пачаліся кадры з Плошчы-2010 – перасела ў апошні рад. Ну як – навошта? Каб паплакаць…» – прызнаецца ў перапынку між сеансамі адна з беларусак.
Паплакаць там было над чым. Хаця б – пасля выказванняў тады яшчэ зусім маленькага Данііла Саннікава – сына палітыка, які кажа ў кіно: «Свабода – гэта калі звер выскоквае з клеткі…». Сам Саннікаў, сустрэча з якім адбылася пасля прагляду, быў цвёрды і спакойны. Заклікаў не гандлявацца з Аляксандрам Лукашэнкам у пытанні вызвалення палітвязняў і ўзмацняць ціск на рэжым.
Пытанне з залы, ці верыць ён у перамогу беларускага народу, назваў дзіўным.
«Я не тое што веру ў перамогу – я ўпэўнены ў перамозе беларускага народу. Беларускі народ – непераможны», – сцвердзіў Андрэй Саннікаў.
Бусел ляціць ў Беларусь «Працэсаў»
Пра непераможнасць і магнетызм Беларусі – і кароткаметражны ігравы фільм Януша Гаўрылюка «Бусел», які ён пачаў здымаць аж у 2016 годзе. Гісторыя паляка, які хоча нелегальна пераправіцца ў Беларусь, каб пабачыць каханую жанчыну. Перапраўляецца, сустракаецца з каханай, тая перадае яму ў рукі спавітага дзіцяці і – знікае. Галоўны герой (Лукаш Вазьнякоўскі) з дзіцяці – у калясцы задрыпанага «Іжа» – імчыць у Беларусь. Фільм заканчваецца анімацыяй, з якой вынікае, што дзея адбываецца ў 2020 годзе (стваральнік анімацыі – Андрусь Такінданг).
На пытанне, ці плануе рэжысёр зняць працяг свайго «Бусла», Януш Гаўрылюк адказвае: «Працяг – праз 20 хвілін. Глядзіце «Працэсы». Бо тая Беларусь, куды трапляе мой Бусел – гэта Беларусь «Працэсаў».
Так мы, на дзедавым матацыкле, з немаўля пад пахай, залятаем у тую самую Беларусь «Працэсаў». Там і страшна, і смешна, і невядома як. Не ведаеш ужо, ці схаваешся ў апошніх шэрагах кіназалы, каб паплакаць (плакаць не хочацца). Але каб і хацеў, не атрымалася б: свабодных месцаў у зале «Сталіца» кінатэатру «Ілюзіён» на прэмʼеры двух навелаў серыялу «Працэсы» проста не было.
«Мне сёння сніўся дождж»
У канцы абсурдысцкай гісторыі пра экскурсію беларускіх школьнікаў у будынак КДБ, каб «паглядзець, як працуюць нашыя «красаўцы» («Патрыятычнае практыкаванне») і гісторыі пра калектыўны сон «пра першую асобу», які сніцца цэламу беларускаму міністэрству («Прыснілася»), у зале гучалі не проста воплескі, а сапраўдныя авацыі.
«Слухай, ты не паверыш, але і мне сёння сніўся дождж», – шэпча на вуха аўтару гэтых радкоў знаёмая беларуска.
Не дзіўна. Сон, які сніцца міністру (Алег Гарбуз) і ягоным падначаленым у навеле «Прыснілася», напэўна ж бачыла 97 % беларусаў: дождж, кветкі, могілкі, труна, а ў ёй – «першая асоба».
Чым усё скончылася? Спойлерыць не будзем. Бо, па-першае, той, хто не трапіў на «Бульбамуві», зможа паглядзець усе чатыры адцінкі серыялу ў варшаўскім кінатэатры «Кінатэка» 10 снежня. А па-другое, прэмʼеры асобных навелаў адбудуцца на тэлеканале «Белсат» 2, 9 і 16 снежня (першы эпізод «Ператрымка» ўжо даступны для прагляду).
«Чыноўнікі таксама людзі»
Раскрыем толькі тое, што дзея навелы «Прыснілася» адбываецца ў 2024 годзе. Гарбуз-міністр (бліскуча сыграная роля!) там разлівае па фужэрах шампанскае для падначаленых…
«Я думаю, што пакуль мы будзем разважаць так, што чыноўнікі, якія знаходзяцца ў Беларусі, горшыя за нас, то мы далёка не пойдзем. Мне здаецца, там такія ж самыя людзі, як і мы. І нам трэба з імі нейкім чынам урэшце абʼядноўвацца, а не раздзяляцца, трэба знаходзіць з імі агульную мову. Я адчуваю, што там ёсць нармальныя людзі, з якімі можна дагаварыцца», – казаў падчас дыскусіі пасля прэмʼеры актор Алег Гарбуз, які сыграў міністра ў «Прыснілася».
Частка глядацкай залы падтрымала словы актора воплескамі.
Яшчэ адзін яскравы беларускі актор Ігар Сігоў, які быў задзейнічаны ў «Працэсах» і сыграў старшыню КДБ у навеле «Патрыятычнае практыкаванне», прызнаўся пасля паказу, што выдумляць і граць гэтага персанажа было проста, бо ён «троху зварʼяцелы», да таго ж – меліся прататыпы.
«Быць каменьчыкам у чаравіку»
Кадэбэшнік у выкананні Сігова – смешны, гіпербалізаваны, ненармальны. Нават – нерэальны. Да рэальнасці гледача вяртае фінал: крывавая пляма на сцяне. Ці не занадта? Ці трэба так?
«Трэба. Нават больш трэба тым, хто застаўся ў Беларусі. Здаецца, што гэта абсурд – тое, што робіць мой персанаж. Але насамрэч Беларусь ідзе менавіта да гэтага. І калі пра гэта не казаць – праз гумар ці абсурд – да гэтага прыйдзем.
Бо чым больш часу праходзіць, тым больш рэалістычнымі становяцца гэтыя гісторыі. Гэта трэба, каб ускалыхнуць тых нармальных людзей, пра якіх казаў Алег Гарбуз. Тых, хто вагаецца», – заўважыў падчас дыскусіі Ігар Сігоў.
Рэжысёр праекту Андрэй Кашперскі таксама выказаў думку, што глядач, у тым ліку той, які застаецца ў Беларусі, сам павінен вырашыць, занадта жорстка для яго тое, што адбываецца ў «Працэсах», ці не.
«Мы не хацелі рабіць нейкі просты і адназначны серыял. Мы хацелі, каб ён быў каменьчыкам у чаравіку і мы не хацелі даваць нейкіх простых адказаў і закладаць у яго нейкія простыя мэсіджы ў гэты няпросты час», – патлумачыў Андрэй Кашперскі.
«Гэта зроблена класна»
Андрэй Кашперскі адзначыў, што памыляюцца тыя, хто называе «Працэсы» гумарыстычным і камедыйным серыялам.
«Мы выкарыстоўваем гумар выключна як інструмент, каб прыцягнуць гледача і выклікаць у яго эмоцыі. Потым гэты гумар пакрысе развейваецца, сыходзіць на другі план – і ты ўжо не разумееш, з чаго ты смяяўся яшчэ пяць хвілін таму. І праз гэта становіцца неяк ніякавата і страшна… Гэта дапамагае адрэфлексаваць свае эмоцыі» – зазначыў Андрэй Кашперскі.
Нагадаем, серыял «Працэсы», які складаецца з чатырох эпізодаў («Ператрымка», «Патрыятычнае практыкаванне», «Прыснілася» і «Праграма перадач») – гэта першы серыял, створаны «Белсатам». Намеснік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі, які таксама браў удзел у дыскусіі, нагадаў, што прэмʼера ўсяго серыялу адбудзецца 10 снежня – у дзень 16-х народзінаў «Белсату».
Ён адзначыў, што стварэнне серыялу каштавала вялікіх грошаў, але тое, што атрымалася ў выніку, вартае ўкладзеных сродкаў.
«Мы даспелі да яго і вырашылі зрабіць. Хоць асабіста ў мяне былі пэўныя сумненні. Я троху пабойваўся, бо нашыя раны яшчэ свежыя. І як было да гэтага падысці?.. Але цяпер я магу сказаць, што абсалютна не шкада тых грошаў, бо вы пабачылі: гэта зроблена класна. Ёсць дзе ўсміхнуцца, а ёсць дзе – глыбока задумацца», – сказаў Аляксей Дзікавіцкі, падзякаваўшы за працу ўсёй камандзе.
«Гэта – частка нашай місіі», – дадаў Дзікавіцкі.
Калі адбудуцца прэм’еры ўсіх эпізодаў на «Белсаце»
Прэмʼера двух эпізодаў серыялу «Працэсы» скончылася банкетам для гледачоў у вестыбюлі кінатэатру. Белае і чырвонае віно. Дакладней – белае, чырвонае, белае. Пакуль яшчэ не шампанскае, але…
Фестываль «Бульбамуві» працягнецца ў нядзелю 26 лістапада.
«Бульбамуві» заснаваў у 2011 годзе Януш Гаўрылюк. З 2012 года ў межах фестывалю праходзілі конкурсы маладога беларускага кіно, пераможцам якіх ўручаліся «залатыя бульбіны». У 2015 – 2016 гадах паказы і імпрэзы «Бульбамуві» адбываліся ў Варшаве і Менску. Але ў 2017 годзе фестываль не ладзілі. Паўза працягвалася да 2021 года. «Бульбамуві» адрадзілася ў 2021 годзе і трэці год запар праходзіць у кінатэатры «Ілюзіён» пры падтрымцы польскага аўдывізуальнага інстытуту «Filmoteka Narodowa».
У 2022 годзе на фестывалі прайшла прэмʼера першага эпізоду серыялу «Працэсы» – «Ператрымка». За год навела паспела здабыць прызнанне гледачоў і фестывальныя прызы, у тым ліку на славутым «Fantastic Fest» у ЗША. На сёлетнім фестывалі паказалі яшчэ два эпізоды серыялу. Усе чатыры можна будзе паглядзець 10 снежня ў кінатэатры «Кінатэка», а таксама – на тэлеканале «Белсат». Прэмʼера першай навелы на «Белсаце» ўжо адбылася 25 лістапада («Ператрымку» можна глядзець і на Youtube). Прэмʼера другога эпізоду «Патрыятычнае практыкаванне» адбудзецца 2 снежня, «Прыснілася» пакажуць на «Белсаце» 9 снежня, навелу «Праграма перадач» – 16 снежня.
Зміцер Міраш belsat.eu