Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 26 снежня

«Белсат» падводзіць вынікі 306-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 26 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы. Крыніца: uniannet/Telegram

Цягам апошніх содняў сітуацыя на ўкраінска-беларускім і ўкраінска-расейскім памежжы заставалася нязменнай: Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны адзначае вайсковую прысутнасць праціўніка, але не фіксуе фармавання наступальных груповак. Абстрэлы з мінамётаў і артылерыі зафіксаваныя ў ваколіцах памежных населеных пунктаў Сумскай і Харкаўскай вобласцяў.

Між тым 26 снежня ФСБ Расеі паведаміла пра знішчэнне ўкраінскай дыверсійна-выведнай групы на мяжы Бранскай вобласці РФ. Як сцвярджаецца, чатыры дыверсанты былі ўзброеныя амерыканска-нямецкімі пісталетамі-кулямётамі MPX і выбухоўкай.

Непасрэдна па лініі фронту ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай працягваюцца пазіцыйныя баі.

Генштаб ЗСУ піша пра адбіццё атак праціўніка каля Навасёлаўскага, Стэльмахоўкі, Плашчанкі, Неўскага і Чырвонапапоўкі.

Аналітыкі праекту Deepstatemap удакладняюць сітуацыю з баямі ў лясах каля Крэмінной. Паводле крыніцы, расейцы перакінулі на гэты ўчастак фронту сілы ПВК «Вагнер», і цяпер намагаюцца выціснуць ЗСУ з ваколіцаў Плашчанкі і Чырвонапапоўкі.

Таксама аналітыкі абвяргаюць інфармацыю пра вызваленне самой Крэмінной, пра што напісалі асобныя ўкраінскія крыніцы 26 снежня.

Кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што ў ваколіцах гораду ідуць цяжкія баі, і сітуацыя дагэтуль застаецца складанай, але перавагай у ёй валодаюць украінскія сілы абароны.

На тэрыторыі Данецкай вобласці ЗСУ адбілі атакі праціўніка ў ваколіцах Вясёлага, Якаўлеўкі, Салядару, Бахмуцкага, Падгароднага, Бахмуту, Курдзюмаўкі, Маёрску, Вадзянога, Краснагораўкі і Мар’інкі.

Deepstatemap піша, што расейцы распачалі серыю атак на ўчастку ад Спірнага да Маёрску. Адзначаецца пагаршэнне сітуацыі ў Вопытным і працяг баёў у цэнтры Мар’інкі.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў заяўляе пра невялікія поспехі войскаў РФ каля Невельскага, атакі на пазіцыі ЗСУ ў ваколіцах Кляшчэеўкі, Новаміхайлаўкі, Камянкі і Александропалю. У ваколіцах апошняга населенага пункту расейцы спрабуюць перарэзаць участак трасы Н-20, якая з’яўляецца адным са шляхоў забеспячэння ЗСУ на Данбасе. На ўсходзе Бахмуту, паводле журналіста, працягваюцца сустрэчныя баі.

Па лініі фронту ў Запарожскай вобласці захоўваецца адноснае зацішша. Ніводны з бакоў канфлікту не паведамляе аб правядзенні наземных аперацыяў, пры гэтым расейцы працягваюць наносіць артылерыйскія ўдары па ўкраінскіх пазіцыях.

Сямён Пегаў заўважае, што ўкраінская артылерыя не вядзе контрбатарэйную барацьбу, што можа сведчыць пра падрыхтоўку ЗСУ да вялікага наступу на гэтым участку фронту.

Сітуацыя ў Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца нязменнай.

Тым часам неспакойна 26 снежня было ў самой Расеі. На аэрадроме ў горадзе Энгельс Саратаўскай вобласці, дзе размяшчаецца стратэгічная авіяцыя войскаў РФ, прагрымеў магутны выбух.

Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што выбух адбыўся ў выніку знішчэння СПА ўкраінскага беспілотніка. Пры гэтым ахвярамі атакі сталі 3 чалавекі, на якіх упалі абломкі збітага апарату.

Разам з тым тэлеграм-канал «Старше Эдды», спаслаўшыся на свае крыніцы, паведамляе, што беспілотнік не быў збіты, бо ракета СПА прайшла па датычнай лініі. У выніку беспілотнік змяніў траекторыю палёту і патрапіў у адну са службовых пабудоваў, дзе ў той момант знаходзіліся дзяжурныя змены, у тым ліку і баявыя лётчыкі.

Крыніца гаворыць пра трох загінулых і яшчэ двух параненых вайскоўцаў.

Агулам, паводле Генштабу ЗСУ, за мінулыя содні было знішчана каля 550 расейскіх вайскоўцаў. Такім чынам беззваротныя страты РФ за больш як 10 месяцаў вайны дасягнулі 102 600 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны. 

ВК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату