СМІ: Перакінуць мігрантаў з Беларусі на мяжу з Фінляндыяй прыдумалі сілавікі РФ

Перакінуць арабскіх бежанцаў з Беларусі на мяжу з Фінляндыяй кантрабандыстам параілі расейскія сілавікі. Пра гэта піша The Insider са спасылкай на заявы кантрабандыстаў, якія дапамагаюць мігрантам перасекчы мяжу.

Мяжа Фінляндыі з Расеяй. Фота: памежная служба Фінляндыі / raja.fi

Адзін з кантрабандыстаў расказаў журналістам, што на пачатку лістапада з ім звязаліся расейскія афіцэры: «Расея пачала прапускаць мігрантаў прыкладна паўтара месяца таму, і мы даведаліся пра гэта праз афіцэраў, з якімі ў нас ёсць сувязі».

Мужчына паведаміў, што сам ён давозіў людзей толькі да мяжы, дзе перадаваў іх пад апеку расейскіх памежнікаў. А тыя, з ягоных словаў, давалі мігрантам ровары для перасячэння мяжы ў Фінляндыю.

Іншы кантрабандыст распавёў, што кантраляваць мігрантаў пачынаюць адразу пасля прылёту ў Расею: ужо ў аэрапорце іх сустракае «нейкі палкоўнік» і дапамагае заехаць у краіну.

Рэзкі наплыў мігрантаў з боку Расеі Фінляндыя зафіксавала ў сярэдзіне лістапада. Фіны паведамлялі, што ў мігрантаў няма дакументаў для перасячэння мяжы, але расейскі бок іх усё адно прапускае. Да канца месяца краіна закрыла ўсе дзевяць КПП на мяжы з РФ.

14 снежня два КПП аднавілі працу, але працавалі толькі некалькі гадзінаў. Фінляндыя зноў іх закрыла, бо колькасць мігрантаў не зменшылася.

На межах Беларусі з краінамі Еўразвязу міграцыйны крызіс узнік у сярэдзіне 2021 года. Заходнія палітыкі абвінавацілі афіцыйны Менск у яго стварэнні і ахарактарызавалі гэты крызіс як форму гібрыднай вайны.

Мігранты адпраўляюцца на мяжу з Фінляндыяй пасля няўдалых спробаў трапіць у ЕЗ з Беларусі

СП, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны