Для Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі запрасілі па 19 гадоў калоніі завочна

Дзяржаўны абвінаваўца ў завочным судзе ў «справе Каардынацыйнай рады» запрасіў па 19 гадоў для Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі, паведамляюць праваабаронцы.

Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і сябра Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка. Варшава, Польшча. 2 снежня 2022 года. Фота: Карына Пашко / Белсат

Для іншых фігурантаў справы – Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага і Марыі Мароз – пракурор Міхаіл Кавалёў запрасіў па 12 гадоў калоніі. Усе яны цяпер па-за межамі Беларусі, таму прысуд вынесуць завочна.

Паводле запыту дзяржабвінаваўцы, Ціханоўская, Кавалькова і Мароз павінны адбываць тэрмін у калоніі агульнага рэжыму, Латушка і Дылеўскі – узмоцненага рэжыму.

Таксама пракурор лічыць неабходным прызначыць Святлане Ціханоўскай штраф памерам 37 тысячаў рублёў, а Паўлу Латушку – забараніць права займаць пасады на тэрмін 5 гадоў.

Пракурор Міхаіл Кавалёў. Фота: spring96.org

Завочны працэс у справе супраць Каардынацыйнай рады пачаўся ў Менскім гарадскім судзе 17 студзеня 2023 года. Фігурантаў – Святлану Ціханоўскую, Марыю Мароз, Паўла Латушку, Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага – вінавацяць паводле 12 артыкулаў:  у змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам, стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні такім фармаваннем, у публічных закліках да санкцыяў, распальванні варажнечы.

Абранай прэзідэнтцы Беларусі асобна ставяць у віну рыхтаванне да ўдзелу ў масавых закалотах і ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама перашкоду працы Цэнтрвыбаркаму і здраду дзяржаве.

Справу разглядае суддзя Пётр Арлоў.

У Менску пачаўся завочны суд паводле справы Каардынацыйнай рады

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны