Амерыканскі ISW напісаў пра трывалую веру Пуціна ў заваяванне Украіны

Інстытут вывучэння вайны ў чарговай справаздачы звярнуў увагу на трывалую веру Уладзіміра Пуціна ў тое, што ён здолее заваяваць Украіну. Прэзідэнт Расеі спадзяецца на поспех зацяжнога канфлікту і зыходзіць з таго, што абедзве сусветныя вайны скончыліся пасля знішчальнай паразы аднаго з бакоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін на вайсковых вучэннях «Захад-2021». Муліна, Расея. 13 верасня 2021 года. Фота: kremlin.ru

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны мяркуе, што кіраўнік расейскай дзяржавы ўсё яшчэ верыць, што яму ўдасца заваяваць Украіну. Ён засяроджаны на дасягненні сваіх першапачатковых ваенных мэтаў з дапамогаю зацяжнога канфлікту, у якім ён пераможа, або навязаўшы сваю волю Украіне сілай, або зламаўшы волю ўкраінскага народу пасля спынення падтрымання Украіны з боку Захаду.

У чарговай штодзённай справаздачы ISW гаворыцца, што Уладзімір Пуцін трымае ў галаве абедзве сусветныя вайны, Грамадзянскую вайну ў ЗША і напалеонаўскія войны, якія завяршыліся пасля знішчальнай паразы аднаго з бакоў, калі мірныя дамовы фіксавалі рэальнасць, што склалася на полі бою.

Як падкрэсліваюць аналітыкі, контрнаступ украінскіх войскаў «стаў бы для Пуціна прыдатным момантам, каб зрабіць выснову, што Расея не можа сілай навязваць сваёй волі Украіне і што ён мусіць шукаць кампраміснае выйсце». «Аднак ён відавочна не прыйшоў да такой высновы», – мяркуюць эксперты.

Адначасова яны пішуць у справаздачы, што нават вельмі паспяховы наступ ЗСУ можа не прывесці да прыняцця Пуціным таго факту, што «насамрэч заваяваць Украіну ён не здольны».

Пры гэтым, калі ўкраінскія вайскоўцы здолеюць нанесці сур’ёзную шкоду, расейскаму прэзідэнту і ягонаму атачэнню зробіцца зразумела, што «Узброеныя сілы Расеі не могуць спадзявацца палепшыць зыход вайны, працягваючы баявыя дзеянні», падсумавалі аналітыкі ISW.

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 26 сакавіка

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны