Крыніцы газеты «Haaretz» паведамілі, што прэм’ер-міністр Ізраілю пагадзіўся прыпыніць судовую рэформу, якая выклікала пратэсты, што трываюць трэці месяц. Ён мусіць абвесціць пра гэта да канца панядзелка. У краіне тым часам пачынаецца агульнанацыянальны страйк.
Прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу пагадзіўся замарозіць судовую рэформу і абвесціць пра гэта да канца панядзелка, паведаміла газета «Haaretz» са спасылкаю на свае крыніцы:
«Пасля абмеркавання з лідарамі кааліцыі прэм’ер-міністр поўны рашучасці спыніць рэформу судовай сістэмы. Чакаецца, што ён публічна абвесціць пра замарожванне закону пазней, у панядзелак».
Раней прэзідэнт Ізраілю Іцхак Гэрцаг звярнуўся да ўраду з заклікам спыніць рэформу «дзеля адзінства з народам Ізраілю, дзеля ўскладзенай адказнасці». «Глыбокая трывога ахоплівае ўвесь народ. Бяспека, эканоміка, грамадства – усё пад пагрозаю», – напісаў прэзідэнт краіны ў Twitter.
המפגינים מתחילים להגיע לירושלים ברכבת וקוראים ״דמוקרטיה״ pic.twitter.com/0Vxm9pGA4Z
— Bar Peleg (@bar_peleg) March 27, 2023
Дэманстрацыі супраць судовай рэформы трываюць трэці месяц, і напярэдадні разгарэліся з новаю сілаю, калі Нэтаньягу звольніў міністра абароны, які падтрымаў пратэст. У Іерусаліме мітынгоўцы спрабавалі штурмаваць рэзідэнцыю кіраўніка ўраду, адбыліся сутычкі з сілавікамі, паліцыя ўжыла вадамёт.
לפחות 3,000 מפגינות ומפגינים בבאר שבע, בהם קצין מילואים שהעדיף לא להוסיף מילים על השלט שנושא. pic.twitter.com/Ep2SLILEbS
— Nati Yefet (@ntiyft) March 27, 2023
Сёння ў Ізраілі пачынаецца агульнанацыянальны страйк. Закрыліся шмат якія крамы, усе рэстараны «McDonald’s», найбуйнейшы аэрапорт – «Ben Gurion» – прыпыніў вылет рэйсаў, да страйку далучыліся прафесійныя звязы дактароў і медсясцёр, Ізраільская арганізацыя адвакатаў, IT-сектар, Федэрацыя мясцовых уладаў, што лучыць усе муніцыпалітэты і мясцовыя рады краіны.
У шмат якіх гарадах проста цяпер людзі збіраюцца на новыя акцыі пратэсту.
Сяргей Крот belsat.eu