Новыя «содні» былому прэс-сакратару Купалаўскага і затрыманне футбаліста. Рэпрэсіі за 27 сакавіка

«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу. Вось пра што стала вядома за 27 сакавіка.

Былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатру Мікалая Зайца другі раз запар пакаралі «соднямі». Яго затрымалі раніцай 13 сакавіка, склалі пратакол паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства») і арыштавалі на 12 содняў. 27 сакавіка над ім адбыўся чарговы суд. Суддзя Ленінскага раёну Менску Юлія Шчоткіна прызначыла яму яшчэ 14 содняў арышту.

Мікалай Зайц. Крыніца: viasna96 / Telegram

Дырэктара буйной кампаніі Антона Андрэнку «Авангард Лізінг» асудзілі да 2,5 года «хатняй хіміі». Яго і іншых супрацоўнікаў кампаніі затрымалі восенню 2022 года па «даносе», тады шмат каму з іх прысудзілі адміністрацыйныя арышты. Антона Андрэнку і яшчэ аднаго супрацоўніка Аляксея судзілі па адміністрацыйных артыкулах некалькі разоў. Пасля трох месяцаў на Акрэсціна супраць Андрэйкі ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК («Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і змясцілі пад варту ў СІЗА-1. Справу разглядала суддзя Марына Клімчук.

У Менску асуджаных да «хатняй хіміі» выклікаюць у крымінальна-выканаўчыя інспекцыі, дзе іх фатаграфуюць у «анфас» і «профіль». Праваабаронцы паведамляюць, што гэта робіцца для таго, каб адсочваць людзей па камерах назірання ў ГЦ – ці не знаходзяцца яны там у «забаронены» час. Праз такое «парушэнне» людзям могуць узмацніць пакаранне.

Былога следчага Яўгена Юшкевіча ўнеслі ў «тэрарыстычны спіс». Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1034 чалавекі, з іх 286 – беларусы.

Беларускага футбаліста ФК «Макслайн» Цімафея Лукашэвіча затрымалі 23 сакавіка наўпрост падчас трэніроўцы каманды ў Менску. Разам з ім затрыманая і ягоная нявеста Кацярына. Паведамляецца, што ім прызначылі па 10 содняў адміністрацыйнага арышту, але за што – невядома.

Цімафей Лукашэвіч разам з нявестай. Крыніца: tribuna_by / Telegram

У Менску за ўдзел у акцыі пратэсту 16 жніўня 2020 года 23-гадовага Міхаіла Кандратовіча асудзілі на два з паловай гады «хатняй хіміі». Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Падставай для затрымання і асноўным доказам па справе стаў фотаздымак са старонкі ў Instagram Міхаіла. На ёй зафіксаваны ўдзельнікі акцыі, якія трымаюць над галавой бчб-сцяг. Суддзя Юлія Шчоткіна прызначыла Міхаілу два з паловай гады «хатняй хіміі».

Палітвязня Міхаіла Кухарчука, якога вінавацілі ў напісанні 860 пратэсных каментароў, асудзілі да году калоніі. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»).

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны