Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 27 сакавіка

«Белсат» падводзіць вынікі 397-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 27 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Данецкая вобласць, Украіна. 15 лістапада 2022 года. Фота: Белсат

Цягам апошніх содняў сітуацыя на ўкраінска-беларускай і ўкраінска-расейскай межах заставалася нязменнай: Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны не фіксуе фармавання наступальных груповак праціўніка.

Пры гэтым войскі РФ працягваюць утрымліваць свае сілы ў Курскай і Белгародскай вобласцях, якія не дазваляюць ЗСУ перакінуць рэзервы на іншыя ўчасткі.

Таксама ўкраінскае камандаванне адзначае артылерыйскія абстрэлы ваколіцаў памежных населеных пунктаў у Сумскай і Харкаўскай вобласцях.

Непасрэдна па лініі фронту ў Харкаўскай вобласці Узброеныя сілы РФ працягваюць беспаспяхова атакаваць каля сяла Сінькаўка ў Купянскім раёне. Галоўная задача тут — выціснуць ЗСУ на іншы бераг ракі Аскіл.

Па лініі фронту ў Луганскай вобласці, паводле праекту Deepstate, трываюць лакальныя баі ўздоўж усёй лініі сутыкнення.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў узгадвае наступальныя дзеянні войскаў РФ каля Белагораўкі, Макееўкі і Неўскага. На гэтых участках фронту расейцам таксама не ўдалося дасягнуць заўважнага поспеху.

Больш актыўныя баявыя дзеянні вядуцца па лініі фронту на тэрыторыі суседняй Данецкай вобласці, якая ўмоўна падзеленая на некалькі кірункаў: бахмуцкі, аўдзееўскі, мар’інскі і шахцёрскі.

Паводле Генштабу ЗСУ, у ваколіцах Бахмуту былі адбітыя атакі праціўніка каля Багданаўкі і Іванаўскага.

Ці парушаюць Пуцін і Лукашэнка дамовы аб ядравай зброі? Раней сама Расея была супраць такога

Deepstate дадае спробы прарваць украінскую абарону ў Хромаве, Пегаў — каля Прэдтэчыны. Гэткімі дзеяннямі расейцы намагаюцца перарэзаць шляхі забеспячэння ЗСУ ў Бахмуце, аднак пакуль сілы абароны ўпэўнена трымаюць свае пазіцыі.

У самім райцэнтры працягваюцца баі на поўначы і поўдні, расейцы маюць частковы поспех і паступова прасоўваюцца ў бок цэнтру гораду.

Таксама зафіксаванае прасоўванне падраздзяленняў ПВК «Вагнер» на заходні бераг ракі Бахмутка — у ваколіцах мясцовай школы №5.

На аўдзееўскім кірунку — на поўначы ад Данецку — Узброеныя сілы РФ не пакідаюць спробаў атачыць аднайменны раённы цэнтр, дзеля чаго атакуюць на поўначы, захадзе і поўдні ад Аўдзееўкі.

Украінскае камандаванне фіксуе няўдалыя наступальныя дзеянні праціўніка каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Новакалінавае, Аўдзееўка, Севернае, Первамайскае і Невельскае.

Між тым Сямён Пегаў сцвярджае, што расейцы ўвайшлі ў сяло Новакалінавае, пасля чаго прасунуліся да пасёлку Керамік (на поўначы ад Аўдзееўкі)

На мар’інскім кірунку расейцы атакавалі каля Пабеды, Краснагораўкі і Новаміхайлаўкі.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што войскі РФ пашырылі паўночны выступ фронту каля Краснагораўкі.

Таксама працягваюцца гарадскія баі ў самой Мар’інцы, у якой апошняя крыніца адзначае прасоўванні расейцаў на поўначы і поўдні.

На шахцёрскім кірунку на поўдні Данецкай вобласці цягам содняў ніводны з бакоў канфлікту не праводзіў наземных аперацыяў.

Таксама нязменнай застаецца сітуацыя фронце ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях, аднак паўсюль адзначаюцца артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Паводле Генштабу ЗСУ, агулам за апошнія содні вайны сілы абароны адбілі больш за 60 атак праціўніка на ўсходзе краіны.

У гэты ж час ЗСУ знішчылі каля 610 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ перавысілі 171 тысячу чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ТМ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату