Расейская карпарацыя «Газпром» цалкам прыпыніла пастаўкі газу кампаніям «Булгаргаз» з Балгарыі і PGNiG з Польшчы ў сувязі з неаплатай у расейскіх рублях. Пра гэта 27 красавіка паведамілі ў кампаніі.
У «Газпроме» заявілі, што не атрымалі плацяжоў за пастаўкі газу ў красавіку ад кампаніяў «Булгаргаз» і PGNiG у рублях, як тое прадугледжана ва ўказе Уладзіміра Пуціна. Паводле яго, плацяжы за газ, які пастаўляецца з 1 красавіка, павінны здзяйсняцца ў расейскіх рублях з выкарыстаннем новых рэквізітаў.
«У сувязі з гэтым «Газпром экспарт» паведаміў «Булгаргазу» і PGNiG аб прыпыненні паставак газу з 27 красавіка і да моманту ажыццяўлення аплаты, згодна з парадкам, устаноўленым Указам», – адзначылі ў расейскай кампаніі.
Таксама там заявілі, што ў выпадку несанкцыянаванага адбору расейскага газу з транзітных аб’ёмаў у трэція краіны пастаўкі для транзіту будуць скарочаныя на гэты абʼём.
Між тым з’явілася інфармацыя, што Аўстрыя і аўстрыйская нафтагазавая кампанія OMV прынялі ўмовы аплаты расейскага газу ў рублях. Пра гэта нібыта паведаміў канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр. Раней аналагічныя ўмовы аплаты расейскага газу прынялі Сербія і Вугоршчына, перадае Бі-Бі-Сі.
Але гэтую інфармацыю зняпраўдзіў канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр. У Twitter ён назваў такія навіны фэйкам расейскай прапаганды:
«Вядома, OMV працягне аплачваць пастаўкі газу з Расеі ў еўрах. Аўстрыя строга прытрымліваецца ўзгодненых санкцыяў ЕЗ».
Прадстаўнік польскага ўраду ў пытаннях стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі заявіў, што Польшча больш не мае намеру купляць газ у Расеі. А міністр энергетыкі Балгарыі Александар Ніколаў сказаў, што «балгарскія газавыя сховішчы здольныя забяспечыць унутраных спажыўцоў пасля адмены расейскіх паставак» на месяц.
Ніколаў таксама падкрэсліў, што Балгарыя цалкам аплаціла красавіцкія пастаўкі газу, і абвінаваціў «Газпром» у парушэнні кантракту:
«На гэты момант прыродны газ выкарыстоўваецца ў якасці палітычнай і эканамічнай зброі ў вайне».
Таксама ў Балгарыі абвясцілі пра перагляд сваіх кантрактаў з расейскім канцэрнам, у тым ліку і на транзіт газу ў Сербію і Вугоршчыну.
Кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен назвала рашэнне «Газпрома» спробаю Расеі шантажаваць Еўразвяз газам:
«Гэта неапраўдана і недапушчальна. І гэта яшчэ раз сведчыць пра ненадзейнасць Расеі як дастаўцы газу. Мы гатовыя да такога сцэнара. Мы шчыльна кантактуем з усімі дзяржавамі-чальцамі. Мы працуем над забеспячэннем альтэрнатыўных паставак і лепшых магчымых узроўняў захоўвання па ўсім ЕЗ».
Gazprom's announcement is another attempt by Russia to blackmail us with gas.
We are prepared for this scenario. We are mapping out our coordinated EU response.
Europeans can trust that we stand united and in solidarity with the Member States impacted.
— Ursula von der Leyen (@vonderleyen) April 27, 2022
Паводле Урзулі фон дэр Ляен, дзяржавы ЕЗ распрацавалі планы на выпадак непрадбачаных абставінаў менавіта для такога сцэнара і плануюць даць «скаардынаваны адказ». Таксама працягнецца праца з міжнароднымі партнёрамі, каб забяспечыць альтэрнатыўныя плыні.
ПС belsat.eu