Аператыўна-аналітычны цэнтр (ААЦ) пазбавіў даменнага імя «.by» незалежнае выданне Ex-press.by, што расказвае пра падзеі ў Барысаве і Жодзіне. Уладальнік даменнага імя атрымаў адпаведны электронны ліст з подпісам намесніка начальніка ААЦ Сяргея Жарнасека, паведамляе БАЖ.
Нейкі час таму ўладальнік даменнага імя ex-press.by атрымаў электронны ліст з Аператыўна-аналітычнага цэнтру. Яшчэ адзін ліст гэткага ж зместу быў прадубляваны на адрас ТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі».
У лісце гаворыцца, што 20 сакавіка ўладальніку дамену ex-press.bу быў дасланы ліст з патрабаваннем падаць дакументы, што пацвярджаюць дакладнасць інфармацыі ў цэнтралізаванай базе даменных імёнаў. Дакументы трэба было прынесці асабіста цягам 7 працоўных дзён. Аднак уся рэдакцыя парталу цяпер за межамі Беларусі.
«Паколькі на апавяшчэнні ў пазначаны тэрмін адрасат не адрэагаваў, са спасылкай на пункт 48 унутранай інструкцыі Сяргей Жарнасек канстатуе: непадача ўладальнікам дамену на запыт рэгістратара пацвярджальных дакументаў ёсць парушэннем парадку рэгістрацыі даменнага імя», – паведамляе БАЖ.
На гэтай падставе ААЦ пастанавіў прыпыніць дэлегаванне даменнага імя ex-press.bу. Рэгістратару ТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» даручана праінфармаваць уладальніка дамену аб парушэнні.
БАЖ таксама ўдакладняе, што пазбаўленне даменнага імя адбылося без звароту ў суд.
Днямі БАЖ распавядала пра аналагічную гісторыю, як ААЦ ануляваў запіс аб рэгістрацыі даменнага імя яшчэ аднаго незалежнага выдання на падставе нібыта «няпройдзенага правярання дадзеных». Назвы медыярэсурсу пакуль не называюць, бо ў Беларусі засталіся супрацоўнікі.
Цяпер старонку выдання можна знайсці па ex-press.live.
Алена Рувіна belsat.eu