Былы ўчастковы з Менску з 22-гадовым стажам 29 сакавіка быў асуджаны на тры гады калоніі агульнага рэжыму і штраф у 12 тысяч рублёў за «Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі», а менавіта афармленне фальшывых адміністрацыйных справаў і іх закрыццё пасля «папярэджання». Вырак апублікавалі на Pravo.by.
Імя міліцыянта і шматлікія дэталі справы схаваныя: падсуднага называюць М., ён родам з гораду М., грамадзянін Р.Б., пасля звальнення са службы працаваў ахоўнікам у ЗАТ «П…». З матэрыялаў вынікае, што ён працаваў у міліцыі да 2022 года.
З матэрыялаў справы вынікае, што міліцыянт прыняў прысягу ў 2000 годзе, пайшоў працаваць у пункт аховы правапарадку ў раёне П. (Партызанскім ці Першамайскім), але са службай не спраўляўся, бо працаваў там адзін. Таму вырашыў «без выкліку асобаў складаць і падпісваць ад грамадзян тлумачэнні, пратаколы тлумачэння правоў і абавязкаў, пратаколы аб правядзенні прафілактычных гутарак, а затым выносіць пастановы аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні з вызваленнем ад адміністрацыйнай адказнасці».
Пасля перайшоў працаваць участковым інспектарам у раён Л. (Ленінскі) у апорны пункт на праспекце Р. (Ракасоўкскага), 109. Там ён працягнуў рабіць тое самае: без удзелу людзей падпісваў ад іх тлумачэнні і пратаколы аб вызваленні ад адказнасці, бо не паспяваў працаваць і хацеў быць вызвалены ад адказнасці.
Часцей за ўсё ён фальсіфікаваў пратаколы за «Парушэнне правілаў карыстання жыллёвымі памяшканнямі» (шум ноччу), таксама былі фальшывыя пратаколы за «Распіванне алкаголю ў грамадскім месцы» і «Заведама ложны выклік міліцыі». Выявілі 14 такіх пастановаў.
Так, адзін з пацярпелых, вайсковец Ш., даведаўся ад свайго кіраўніцтва, што «ўтаіў» ад яго прыцягненне да адказнасці за «Распіванне алкаголю ў грамадскім месцы». Ш. пра такое сваё парушэнне не ведаў. Аказалася, што ў пазначаны ў пратаколе час ён быў на дзяжурстве ў вайсковай частцы, а не там, дзе «распіваў»; почырк у падпісаных быццам бы ім дакументах не ягоны; тэлефоны Ш. і М. не знаходзіліся ў адной зоне цягам дня, калі яны быццам бы сустракаліся для прафілактычнай размовы.
Міліцыянт прызнаў віну. Паводле ч.2 арт. 426 КК РБ яму пагражала ад 2 да 6 гадоў пазбаўлення волі. Асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму і штраф у 12 тысяч рублёў, а таксама пазбаўленне права займаць пасады ў праваахоўных органах на 5 гадоў, адразу ўзялі пад варту. Таксама наклалі арышт на ягоныя халадзільнік-лядоўню, тэлевізар, пральную машыну і грашовыя сродкі на рахунку.
Сілавікі ў Беларусі нярэдка фальсіфікуюць справы, у тым ліку гучныя крымінальныя, і застаюцца непакаранымі. Так, Сяргей Ціханоўскі трапіў за краты пасля правакацыі з удзелам прастытуткі і міліцыянта, за сфальсіфікаваную «спробу дзяржаўнага перавароту» за краты кінулі Юрася Зянковіча, Рыгора Кастусёва і Аляксандру Фядуту, а гісторыя з нібыта забойствам замежніка-тэрарыста ў Горадні скончылася апазнаннем у «тэрарысце» супрацоўніка Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Нярэдка сілавікі застаюцца без пакарання нават за забойствы.
Алесь Наваборскі belsat.eu