У Адэсе вуліцу Беларускую перайменавалі ў вуліцу Каліноўскага

Дэпутаты Адэскай гарадской рады прагаласавалі за змены назваў звыш сотні вуліц. Вуліца Беларуская мае змяніць назву на вуліцу Кастуся Каліноўскага, як і прасіў фонд «Вільна Білорусь».

Канчатковы дакумент яшчэ мае быць апублікаваны, але за перайменаванне ўжо прагаласавалі на сесіі гарадской рады 24 красавіка. Праект дакументу публікавалі тут.

Беларуская – невялікая вуліца ў прыватным сектары на поўдні Адэсы, якая выходзіць да мемарыяльнага комплексу Гераічнай абароны Адэсы.

«Вільна Білорусь» мінулай восенню звярталася да кіраўніцтва Адэсы з прапановай у межах дэкамунізацыі назваць вуліцу ў гонар Кастуся Каліноўскага, Міхаіла Жызнеўскага, Аляксея Скоблі ці проста ў гонар Вольнай Беларусі. Адэсіты пагадзіліся на першую прапанову.

Сярод перайменаваных аб’ектаў – вуліца і плошча Кацярынінскія, якія зараз будуць звацца Еўрапейскімі, парк Горкага, які стане паркам Марка Твэна, сквер Пушкіна, які стане скверам Ружы вятроў. Барадзінская вуліца стане вуліцай Герояў Змяінага (тых, якія паслалі расейскі ваенны карабель «Масква», які ўрэшце пайшоў на дно), Правулак Дзяржавіна стане Квантавым правулкам, а Арлоўская вуліца захавала назву, але цяпер завецца не ў гонар расейскага гораду Арла, а ў гонар прафесара Міхаіла Арлова.

У Беларусі ўлады тым часам пазбаўляюцца назваў, звязаных з Каліноўскім. Так, у снежні 2023 года была пераназваная гімназія Каліноўскага ў Свіслачы – цяпер гэтая ўстанова адукацыі носіць імя савецкай падпольшчыцы Васіленкі. Зараз збіраюцца перайменаваць вуліцу Каліноўскага ў Менску. Таксама летась са школьнай праграмы прыбралі раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Ініцыятар гэтага, прапагандыст Вадзім Гігін называў Каліноўскага «польскім рэвалюцыянерам-тэрарыстам».

Як ва Украіне пераназываюць вуліцы ў гонар герояў-беларусаў

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны