У Памежным камітэце заявілі, што спецслужбы Літвы і Латвіі спрабуюць вербаваць беларусаў

Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Канстанцін Моластаў сцвярджае, што беларусаў нібыта спрабуюць вербаваць прама ў пунктах пропуску. Пра гэта ён заявіў у інтэрвʼю БелТА.

Памежны пункт пропуску «Лаворышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») напярэдадні закрыцця двух пераходаў. 29 лютага 2024 года. Фота: Ганна Русінава / Белсат

«У дзейных пунктах пропуску з боку дзяржаў Балтыі ўзмоцнены кантрольныя мерапрыемствы ў адносінах да грамадзян Расеі і Беларусі. Фіксуюцца спробы іх вербавання супрацоўнікамі спецыяльных службаў Літвы і Латвіі», – заявіў старшыня Дзяржпагранкамітэта (ДПК) Беларусі Канстанцін Моластаў.

Паводле Моластава, абстаноўка на мяжы з Польшчай і дзяржавамі Балтыі «развіваецца пад уплывам пагрозаў вайсковага характару». Адначасова «захоўваецца і міграцыйны ціск».

Пад «міграцыйным ціскам» кіраўнік Памежнага камітэту мае на ўвазе тое, што Польшча і Літва выцясняюць на тэрыторыю Беларусі мігрантаў, якія пры патуранні беларускіх памежнікаў спрабуюць незаконна трапіць у ЕЗ.

«Гэта суправаджаецца празмерным ужываннем да мігрантаў фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў, цкаваннем службовымі жывёламі. Часцяком гэта прыводзіць да гібелі людзей, асабліва ў халодную пару года. У гэтым годзе мы фіксуем усплёск такіх фактаў. У цэлым, з 2021 года ў выніку злачынных дзеянняў сумежных краін на мяжы загінула больш за 50 чалавек», – заявіў Моластаў.

Мігранты зноў штурмуюць мяжу ЕЗ з Беларусі. Выжываюць не ўсе

Сітуацыю на мяжы з Украінай кіраўнік Памежнага камітэту назваў «складанай». Ён сцвярджае, што ўкраінцы актыўна вядуць выведку памежнай тэрыторыі Беларусі, у тым ліку з выкарыстаннем беспілотнікаў. Паводле Моластава, у 2024 годзе выяўлена сем такіх фактаў парушэння дзяржаўнай мяжы Беларусі ў паветранай прасторы. Ён таксама абвінаваціў украінскі бок у правакацыях на мяжы, «якія звязаны з заездам тэхнікі і заходам узброеных асоб на нашу мяжу».

«У Расеі няма дастатковых сілаў». Ва Украіне ацанілі сітуацыю на беларускім напрамку

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны