«У мяне ніякіх прэтэнзіяў да іх няма». Паліцыя знайшла нападнікаў на палітыка Вячаслава Сіўчыка

Паліцыя знайшла тых, хто ў прадмесці Варшавы напаў на лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка. Скрадзены смартфон яму вярнулі. У каментары «Белсату» палітык сказаў, што прэтэнзіяў да злачынцаў не мае.

Беларусы прыйшлі ў Беларускі хаб, каб адзначыць уганараванне Алеся Бяляцкага Нобэлеўскай прэміяй міру. Людзі выказвалі пашану і віншавалі лаўрэата прэміі з узнагародай. На здымку – Вячаслаў Сіўчык. Варшава, Польшча. 7 кастрычніка 2022 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Зламыснікаў затрымалі ўвечары 26 траўня, паведаміў «Белсату» лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. Зранку ён быў у паліцэйскім аддзеле і афармляў вяртанне маёмасці:

«Справа паліцыі была – вярнуць маю маёмасць, якую ў мяне незаконна забралі. Такую заяву я і напісаў. Яны мне гэта вярнулі, вярнулі мне мой тэлефон, падарунак на 60-гадовы юбілей».

Сіўчык адзначыў, што прэтэнзіяў да нападнікаў не мае. Кажа, гэта была «мясцовая гапата».

«Напэўна, гэтых людзей павезлі ў суд. У мяне ніякіх прэтэнзіяў да іх няма, акрамя таго, што яны адабралі ў мяне апарат. Ну, газам залілі – прабачце, у Беларусі ды ва Украіне мне даставалася, ведаеце… Розніца ў тым, што звычайна ў Беларусі гэтым займаліся самі «прадстаўнікі закону», а тут, напэўна, нейкая мясцовая гапата, якую злавіла паліцыя», – сказаў палітык.

Ён заявіў аб гатовасці прыйсці ў суд і даць паказанні, калі выклічуць:

«Калі паліцыя давядзе справу да юрыдычнага заканчэння, то мяне выклічуць у суд, каб я пацвердзіў, што ў мяне быў забраны тэлефон, і паліцыя мне яго вярнула. Натуральна, такія паказанні я дам».

Здарэнне адбылося ўвечары 24 траўня. На Сіўчыка напалі трое невядомых, якія чакалі яго ля дому ў прадмесці Варшавы. У палітыка забралі тэлефон, распыліўшы ў твар газавы балончык.

У прадмесці Варшавы здзейснены напад на палітыка Вячаслава Сіўчыка

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны