«Шэнгенскі квэст». Як беларусам атрымаць візу ў Еўразвяз?

Амаль два месяцы таму візавыя цэнтры Польшчы ў Беларусі ўвялі новае патрабаванне для запісу на падачу дакументаў на візу – верыфікацыя праз відэакамеру і фота пашпарта. Гэта нібыта мусіла павялічыць шанцы запісацца самастойна і абараніць сайт VFS.GLOBAL ад рэгістрацыі ботаў. Ці насамрэч атрымаць візу стала прасцей і цяпер можна не плаціць пасярэднікам? Мы сабралі некалькі гісторыяў беларусаў, пагутарылі з «дапамагатарамі» і паспрабавалі самі злавіць акенца і запісацца ў візавы цэнтр.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«Пакуль перазапускалі сайт, акенца на запіс сышло»

Візавы цэнтр Польшчы ўвёў верыфікацыю праз відэакамеру з 4 красавіка. Цяпер алгарытм запісу на падачу дакументаў на візу выглядае так:

  • крок 1 – праверка вольных месцаў для запісу на сайце. Пры наяўнасці пераходзіць да кроку 2;
  • крок 2 – верыфікацыя праз Міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі ад АРІП – на адмысловым сайце трэба ўвесці нумары пашпарту і тэлефону і атрымаць верыфікацыйны код, сапраўдны на працягу гадзіны;
  • крок 3 – рэгістрацыя, онлайн-верыфікацыя і пацверджанне запісу. Трэба выбраць візавы цэнтр, мэту паездкі, а далей праз прыладу з дзейнай камерай (смартфон ці кампутар) прайсці верыфікацыю па твары і пашпарце. Калі верыфікацыя паспяховае пройдзеная, заяўнік атрымлівае на пошту паведамленне з датай і часам падачы дакументаў.

Такая схема мусіла знізіць нагрузку на сайт візавага цэнтру і паспрыяць наяўнасці вольных слотаў, каб людзі больш не звярталіся да агенцыяў-пасярэднікаў. Аднак прасцей не стала, распавядаюць беларусы.

У тэлеграм-чатах, прысвечаных запісу ў візавы цэнтр, можна сустрэць шмат паведамленняў пра тое, што пры спробе праходжання фотаверыфікацыі не спрацоўвае камера:

«Сайт увесь час выдаваў памылку, калі націскалі ўкладку з камерай. Пакуль перазапускалі і спрабавалі неяк прабіцца, нашае акенца на запіс сышло».

«Атрымалася злавіць акенца, але фотаверыфікацыя не працавала, слот забралі. Спрабавала яшчэ – увогуле сайт перастаў пускаць».

Як «дапамагатары» абыходзяць фотаверыфікацыю?

Devby.io распавядаў гісторыю беларускі, якая з кастрычніка 2023 года спрабуе атрымаць візу. Фотаверыфікацыю дзяўчына не змагла прайсці:

«Пасля пяці няўдалых спробаў вам прапануюць зрабіць відэазванок, дзе вас нібыта верыфікуюць. Вы тэлефануеце, але вам кажуць, што ў вас памылка ў пашпартных дадзеных. Увага! Па гэтых жа дадзеных вы атрымалі такен для папярэдняга этапу (код ад МСІ – рэд.). Я перазапаўняла анкету тры разы, тры разы была відэаверыфікацыя, тры разы мне сказалі, што ў мяне памылка ў дадзеных і скінулі».

Чатыры месяцы беларуска чакала дату ад агенцыі, якая не змагла злавіць слот. Потым дзяўчына купіла доступ да платнага тэлеграм-каналу, на якім выкладваюцца свабодныя слоты. Кошт такой падпіскі – 60 рублёў у месяц. Аднак запісацца па стане на канец красавіка ў дзяўчыны так і не атрымалася.

Мы запыталіся ў аднаго з пасярэднікаў, якім чынам яны арганізуюць фотаверыфікацыю, якая мелася сур’ёзна ўскладніць іхныя паслугі.

«Вы дасылаеце фотаздымак – сэлфі, а таксама фота пашпарта ў адмысловы бот і калі з’явіцца слот мы будзем вас рэгістраваць», – распавёў «дапамагатар».

Devby.io распавядаў, што пасярэднікі таксама прапаноўваюць скарыстацца прыкладаннем iDenfy:

«Я буду вас рэгістраваць, запытваць код у СМС для МСІ і далей перанакіроўваць у гэтае прыкладанне, дзе вы робіце фота 33-й старонкі пашпарту. Галоўнае, каб было дакладна і чытабельна. Далей вы робіце сэлфі ў рэальным часе».

«Пішаш чалавеку, дасылаеш усе дадзеныя і фота на новую верыфікацыю, бот ловіць дату, той чалавек піша: вось удалося злавіць на такую дату ў Магілёў ці Гомель ці дзе яшчэ і прыходзіць табе лінк, які актыўны 5 хвілінаў, каб ты пацвердзіў, што ты гэта ты і што «забіваеш» месца. І плаціш таму чалавеку праз ЕРІП», – апісаў схему яшчэ адзін беларус.

«Узмацненне жорсткасці ў выдачы візаў». З польскімі візамі стане складаней, а PBH не вернуць

Як мы рэгістраваліся на сайце візавага цэнтру

У чатах хапае гісторыяў, калі ўвогуле не атрымліваецца дайсці да трэцяга кроку – часам сайт не пускае на самым першым этапе рэгістрацыі акаўнту. І гэта мы адчулі на ўласным досведзе. Наш журналіст паспрабаваў зарэгістравацца на сайце VFS.GLOBAL. Спачатку ўсё выглядае стандартна – трэба ўвесці нумар тэлефону, адрас электроннай пошты і прыдумаць пароль. Потым на скрыню прыходзіць спасылка для актывацыі акаўнту. У нас усё працавала да моманту ўваходу на сайт пасля актывацыі.

«Пасля пераходу па спасылцы актывацыі я ўбачыў два полі, куды трэба было ўвесці адрас пошты і пароль. Я ўпісваў гэтыя дадзеныя некалькі разоў, але нічога не адбывалася. Проста зусім нічога. А потым сайт паведаміў, што мой акаўнт заблакаваны, – распавядае наш журналіст. – Я пачакаў некаторы час і паўтарыў спробу ўваходу – блок не зняўся. Тады я яшчэ два разы паўтарыў працэдуру рэгістрацыі з іншымі мэйламі і тэлефоннымі нумарамі, і гэтак жа сама быў заблакаваны».

На наступны дзень спачатку паўтарылася такая ж гісторыя, а потым на сайце з’явіўся новы «глюк» – пасля націскання кнопкі «зарэгістравацца» з’яўлялася паведамленне, што павінны быць запоўненыя ўсе абавязковыя палі, у той час як яны былі запоўненыя.

Журналіст напісаў у чат, дзе абмяркоўваюць запіс на візу, і ў адказ атрымаў шмат аповедаў пра такія ж праблемы і параду – спрабаваць рэгістравацца столькі разоў, колькі спатрэбіцца, пакуль сайт не ўпусціць. У некаторых атрымлівалася праз содні, у іншых – з мабільнага інтэрнэту, а не стацыянарнага вай-фаю.

Злоўжывалі людзі з Усходу, а цярпяць беларусы? Наступствы візавага скандалу ў Польшчы

«Ні з першай, ні нават з пятай спробы коды не спрацавалі»

У нас за два дні спробаў не спрацаваў аніводны лайфхак – заходзілі праз інтэрнэт розных правайдараў, з VPN і без – на сайт мы так і не трапілі. І мы не адны такія:

«Мяне заблакавалі адразу, я стварыў яшчэ адну пошту, гісторыя паўтарылася. На нумар жонкі яшчэ адну пошту зрабіў – тое самае. Так у мяне скончыліся нумары, а зарэгістравацца так і не атрымалася. Думаў пайсці зрабіць новы нумар, але вырашыў, што гэта занадта. Але і як атрымаць візу, не ведаю. Напэўна, пайду да «дапамагатараў», бо інакш гэта выглядае як нейкі шматкрокавы квэст, які немагчыма прайсці», – распавядае беларус у адным з чатаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Акрамя рэгістрацыі і фотаверыфікацыі чакае яшчэ адзін «падводны камень» – атрыманне коду ад МСІ. Онлайн-верыфікацыя па асабістым ідэнтыфікацыйным нумары ў Міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі патрэбная з 28 лістапада 2022 года. На платформе МСІ трэба ўвесці свой асабісты нумар пашпарту і нумар тэлефону. Прыйдзе СМС з кодам, які трэба ўвесці на сайце МСІ. Пасля гэтага вы атрымліваеце такен ці адмысловы код, які трэба ўпісаць у анкету пры падачы дакументаў на сайце візавага цэнтру.

Як гэта можа выглядаць на практыцы, распавяла беларуска Юлія, якая звярталася да «дапамагатараў» яшчэ да ўвядзення фотаверыфікацыі:

«Я заплаціла 450 рублёў і потым два месяцы чакала, пакуль мяне запішуць. У дамове было ўказана, што чаканне можа зацягнуцца да 4 месяцаў. У агенцыі мне адразу сказалі – вы заўсёды павінны быць на сувязі, бо калі мы будзем спрабаваць вас запісаць, вам будуць прыходзіць коды, і нам трэба, каб вы іх нам дасылалі. Аднойчы сапраўды напісалі – зараз вам прыйдзе код, дашліце яго нам. Нічога не прыходзіла. Аказалася, што патрэбны рахунак у беларускім банку, якога ў мяне не было. Прыйшлося адкрыць, пасля чаго коды пачалі прыходзіць. І ні з першай, ні нават з пятай спробы яны не спрацавалі. Агулам код мне прыходзіў каля 10 разоў на працягу двух тыдняў – увесь гэты час мяне спрабавалі запісаць. На шчасце, атрымалася, і мне паведамілі дату, калі прывезці дакументы ў Гомель».

Некаторым, аднак, нават у цяперашніх умовах шанцуе і запісацца на візу, і атрымаць яе адразу на доўгі тэрмін.

«18 красавіка падавала дакументы на шэнген С (дзелавая). 21 траўня патэлефанавала ў консульства Берасця, мне адказалі, што могуць разглядаць да 45 дзён. Але ўжо на наступны дзень яны адправілі пашпарт у Баранавічы, і 23 траўня прывезлі мой пашпарт кур’ерам у Берасце. Вынік – віза на 5 гадоў. Да гэтага была працоўная на 1 год. Так што доўгі разгляд не заўсёды азначае штосьці кепскае», – распавядае беларуска ў адным з чатаў.

Якія дакументы патрэбныя для візы

Можна сустрэць меркаванні, што негатыўныя каментары – што шанцаў няма, самастойна нават не варта спрабаваць – пішуць самі ж «дапамагатары», каб людзі адразу ішлі да іх і плацілі грошы. Таксама некаторыя лічаць, што з гэтай жа мэтай «дапамагатары» адмыслова «кладуць» сайт VFS і менавіта відэаверыфікацыю, каб карыстальнікі скардзіліся і прасілі адмяніць яе.

Відавочна, што прасцей самастойна запісацца на візу не стала, гэтак жа, як нікуды пакуль не зніклі агенцыі-пасярэднікі. Запыталіся ў дзвюх, што патрэбна для запісу і колькі каштуе такая паслуга. У адной фірме нам даслалі спіс дакументаў для польскай шэнгенскай візы:

  • 2 фотаздымкі 3,5х4,5, свежыя, якія нідзе не выкарыстоўваліся;
  • пашпарт, не старэйшы за 10 гадоў;
  • выпіска з карт-рахунку з рухам сродкаў за 3 – 6 месяцаў з астаткам на 1 чалавека ў памеры 600 долараў у любой валюце;
  • даведка аб заробку за 3 ці 6 месяцаў з указаннем пасады;
  • калі чалавек – індывідуальны прадпрымальнік, трэба прадставіць пасведчанне аб рэгістрацыі фірмы, падатковую дэкларацыю за апошні квартал, даведку аб адсутнасці запазычанасці;
  • калі чалавек на пенсіі – пенсійнае пасведчанне і даведка з цэнтру сацыяльнага забеспячэння аб пенсійных налічэннях за 3 – 6 месяцаў;
  • на дзіця патрэбныя пасведчанне аб нараджэнні, даведка са школы (дзіцячага садку, універсітэту, каледжу) і натарыяльна завераны дазвол на выезд ад абодвух бацькоў, не старэйшы за 6 месяцаў;
  • пасведчанне кіроўцы (калі ёсць) і тэхпашпарт на аўтамабіль
  • медычная страхоўка на паездку на 30 тысяч еўраў;
  • дакументы на нерухомасць (калі ёсць);
  • пасведчанне аб шлюбе, калі заяўнік у шлюбе;
  • зарэзерваваны і аплачаны нумар у гатэлі;
  • калі няма пасведчання кіроўцы і тэхпашпарту на аўтамабіль, трэба прадставіць квіткі ў абодва бакі.

Беларусам адмовілі толькі ў 6 % заявак на польскія студэнцкія візы

Колькі каштуюць паслугі «дапамагатараў»

У адной менскай фірмы цана за афармленне анкеты і запіс на чэрвень – ліпень – 970 рублёў. Перадаплата – 50%. У іншых «дапамагатараў» кошты наступныя:

  • Нацыянальная віза: 250 рублёў з Берасцейскай рэгістрацыяй пры падачы ў Берасці, Пінску, Баранавічах, 400 рублёў – пры падачы ў Менску, Магілёве, Гомлі, Горадні, Лідзе, а таксама ў Пінску, Баранавічах, Берасці без Берасцейскай рэгістрацыі;
  • Шэнген тып С: 600 рублёў;
  • Першачарговы запіс: +200 рублёў

Самая высокая цана, якую мы ўбачылі сярод прапановаў агенцыяў – 2490 рублёў. Столькі каштуе гасцявая віза ў Польшчу на год з 90 днямі знаходжання пры ўмове таго, што запрашэнне вам зробіць сама агенцыя. Калі запрашэнне ў вас ужо ёсць, кошт будзе ад 590 да 990 рублёў.

Асобная рэгістрацыя для сталых людзей і школьнікаў і студэнтаў

Тым часам візавыя цэнтры Польшчы працягваюць уводзіць новыя правілы для беларусаў. 23 траўня з’явілася навіна пра асобную рэгістрацыю для людзей, старэйшых за 60 гадоў, якія ездзяць у Польшчу да дзяцей і ўнукаў. У сістэму рэгістрацыі на падачу дакументаў у польскія візавыя цэнтры Менску, Магілёва, Гомля, Берасця, Баранавічаў і Пінску дададзеная новая катэгорыя «Priglashenie UW dla 60 i starshe od detej i vnukov» для рэгістрацыі заяўнікаў, старэйшых за 60 гадоў, якія плануюць падачу дакументаў на падставе запрашэння ад дзяцей і ўнукаў, зарэгістраванага ў ваяводстве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Таксама візавыя цэнтры ў Менску, Гомлі і Магілёве дадалі асобную рэгістрацыю на нацыянальную візу для школьнікаў і студэнтаў, якія вучацца ў Польшчы. Калі дакументы на гэтую катэгорыю падае няпоўнагадовы (да 18 гадоў), адзін з бацькоў або законных апекуноў можа без папярэдняй рэгістрацыі падаць дакументы разам з непаўналетнім на атрыманне візы для суправаджэння.

«VFS Global» папярэджвае, што калі пры правяранні рэгістрацыі ў візавым цэнтры будзе выяўленая неадпаведнасць пазначанай катэгорыі, дакументаў у візавым цэнтры не прымуць.

«Шэнген» падаражэе

З’явілася і не самая прыемная навіна для беларусаў: неўзабаве можа павялічыцца кошт шэнгенскай візы – Еўракамісія прыняла рашэнне падняць цэны з 11 чэрвеня. Памер консульскага збору вырасце на 12 % для ўсіх дзяржаваў і складзе € 90 для ўсіх заяўнікаў. Не выключана, што кошт шэнгенскай візы для беларусаў таксама вырасце.

Шэнгенская віза хутка падаражэе. Да чаго рыхтавацца беларусам?

За атрыманне дакументу для дзяцей ва ўзросце ад шасці да 12 гадоў плата складзе € 45, а вось за дзяцей малодшага ўзросту яна не спатрэбіцца. Павялічаную суму давядзецца заплаціць за выдачу шэнгенскай візы для кароткатэрміновага знаходжання або так званай візы тыпу С. Гэта значыць, што ў краіне можна будзе знаходзіцца не больш за 90 сутак у адзін 180-дзённы перыяд.

Партал Schengen.news апублікаваў звесткі за 2023 год наконт выдачы шэнгенскіх візаў. Гэтак, колькасць адмоваў грамадзянам Беларусі ў візах істотна ўзрасла. Калі ў 2022 годзе былі адхіленыя 1,9 % заявак з Беларусі, то ў 2023-м гэтая доля вырасла да 3,4 %.

Найбольш адмаўляе польская амбасада. Паводле сайту visastat.me, Польшча адмаўляе ў 31% выпадкаў. Больш за палова візаў, выдадзеных Польшчай – аднаразовыя, 18% – шматразовыя. Найменш адмоваў у Італіі – 1%. Таксама Італія часцей дае шматразовы «шэнген» – у 89%.

у верасні 2023 года ў Польшчы разгарэўся візавы скандал: Генеральная пракуратура знайшла мноства фактаў незаконнай выдачы візаў, былі арыштаваныя не менш за сем асобаў, адзін з намеснікаў міністра замежных справаў пайшоў у адстаўку, калі яго западозрылі ў датычнасці да махінацыяў. Гаворка ішла пра выдачу больш як 250 тысяч візаў мігрантам з Азіі і Афрыкі. У студзені 2024 года міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі прыняў рашэнне прыпыніць удзел МЗС Польшчы ў праграме «Poland Business Harbour».

Ганна Ганчар belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны