Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы: Беларуская выведка спыняе літоўскіх грамадзянаў на КПП

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы распаўсюдзіў папярэджанне аб тым, што беларуская выведка спыняе літоўскіх грамадзянаў на памежных КПП і правярае іх рэчы. Аб гэтым са спасылкай на ДДБ паведамляе партал «DELFI».

Мяжа Літвы і Беларусі. Фота: ВМ / Белсат

27 чэрвеня Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы паведаміў, што беларуская выведка на працягу некаторага часу больш актыўна працуе на мяжы з Літвой. Грамадзянаў Літвы дапытваюць на памежных КПП, у дачыненні да іх выкарыстоўваюць шантаж і псіхалагічны ціск, іх вымушаюць супрацоўнічаць з беларускай выведкай.

«Беларуская выведка актыўна дапытвае грамадзянаў Літвы на КПП, правярае іх кампʼютары і тэлефоны, знойдзеныя ў іх кантакты, профілі ў сацыяльных сетках, фатаграфіі, карты з маршрутамі», – паведамляе ДДБ.

Паведамляецца, што падчас допытаў супрацоўнікі беларускай спецслужбы цікавяцца палітычнымі поглядамі грамадзянаў Літвы, месцамі працы, спрабуюць высветліць, ці ёсць у іх сувязі з памежнікамі, правааховай ці выведкай.

«Былі зафіксаваныя выпадкі забароны на ўезд у Беларусь, пасля таго як падчас такога допыту высветлілі, што грамадзяне Літвы падтрымліваюць Украіну і асуджаюць расейскую агрэсію. Грамадзяне Літвы падчас допытаў сутыкаліся і з шантажом, псіхалагічным ціскам, ім казалі, што забарона на ўезд будзе адменене, калі яны пагодзяцца супрацоўнічаць з беларускай выведкай», – паведамляе ДДБ.

У сувязі з такімі дзеяннямі беларускай выведкі ДДБ рэкамендуе літоўскім грамадзянам устрымацца ад паездак у Беларусь і Расею і звяртае ўвагу на тое, што апошнім часам пачасціліся выпадкі вербавання грамадзян Літвы падчас паездак у гэтыя краіны. Для вербавання выкарыстоўваюць добразычлівасць да беларускага рэжыму, занятак кантрабандай ці іншай нелегальнай дзейнасцю, зацікаўленасць у паездках у Беларусь з-за бізнесу ці наяўнасці сваякоў.

Таксама літоўскі ДДБ папярэджвае, што выведка Беларусі можа выкарыстоўваць знойдзеную ў кампʼютары або смартфоне інфармацыю не толькі супраць самой асобы, але і супраць членаў яе сямʼі.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны