Пуцін падзякаваў вайскоўцам за спыненне мяцяжу Прыгожына. Насамрэч тыя бяздзеялі

Уладзімір Пуцін 27 чэрвеня выступіў перад сілавікамі каля сценаў маскоўскага Крамля і зноў расказваў пра мяцеж Яўгенія Прыгожына ды баевікоў ягонай Групы Вагнэра. Сярод іншых, слухаў міністр абароны Сяргей Шайгу, па якога ішоў Прыгожын. На кароткім выступе Пуцін не сказаў нічога важнага, а толькі паўтарыў, што ўсё прайшло як трэба.

Дзень раней расейскія дзяржаўныя медыі анансавалі «лёсавызначальны» выступ Уладзіміра Пуціна. Той выступаў 5 хвілінаў і ні пра што важнае не расказаў, толькі пахваліўся, што бяздзеянне падчас мяцяжу – усё так і было задумана. Але потым сабраў на нараду ўвесь сілавы блок разам з міністрам абароны Сяргеем Шайгу.

27 чэрвеня выступу Пуціна не транслявалі, але паказалі пяціхвілінны ўрывак, у якім той падзякаваў вайскоўцам і праваахоўнікам, якія нібыта дапамаглі спыніць вайсковы мяцеж («сталі на шляху смуты»); паслухаў гімн і пасля стрэлаў у паветра сказаў «Удачы, дзякуй!», развярнуўся і пайшоў. Імя лідара мяцежных баевікоў Групы Вагнэра Яўгенія Прыгожына Пуцін ізноў не назваў.

Насамрэч сілавікі фактычна бяздзеялі: здалі вагнэраўцам без бою некалькі гарадоў, хіба адзін раз нанеслі авіяўдар па калоне баевікоў (пры тым страцілі некалькі верталётаў і вайсковы транспартавы самалёт). Пуцін адзначаў, што лётчыкі «годна выканалі доўг», і ўшанаваў іх хвілінаю маўчання.

Кіраўнік Расгвардыі Віктар Золатаў пасля выступу Пуціна заявіў, што баевікі гэтак лёгка ішлі на Маскву, бо асноўныя сілы для адбівання наступу былі засяроджаныя ў самой Маскве, а праца сілавых структураў насамрэч была выдатная.

«Хвілін 30 матам размаўляў», – Лукашэнка распавёў, як нібыта мірыў Прыгожына з Пуціным

Нягледзячы на чалавечыя ахвяры, Федэральная служба бяспекі Расеі спыніла крымінальную справу па факце вайсковага мяцяжу.

Выступ Пуціна адбыўся на фоне навінаў аб прылёце ў Беларусь самалётаў Прыгожына. Той нібыта дамовіўся з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, што яго выпусцяць у Беларусь. Лукашэнка 27 чэрвеня выступаў да Пуціна, пра лёс Прыгожына не расказаў, але апавёў, што рыхтаваўся бараніцца ад Захаду і каліноўцаў.

Тым часам за межамі Расеі заўважылі бяздзеянне вайскоўцаў у час ваеннага мяцяжу і расцанілі гэта як слабасць Расеі. У Брытаніі нават пастанавілі рыхтавацца да раптоўнага краху Расеі. Злучаныя Штаты заявілі, што ведалі пра рыхтаванне мяцяжу, але не сталі зрываць планаў баевікоў.

ПВК Вагнэра. Успамінаем яе гісторыю і мэты

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны