Ціханоўская: Беларусам не патрэбныя ні прыгожынскія галаварэзы, ні расейскія ядравыя ракеты

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала апошнія навіны пра перадыслакацыю ЧВК Вагнэра на беларускую тэрыторыю і інфармацыю пра расейскую ядравую зброю, якая ўжо нібыта прывезена ў нашу краіну. Зварот дэмакратычнай лідаркі размешчаны ў яе афіцыйным тэлеграм-канале.

Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала навіны пра перамяшчэнне ЧВК Вагнэра і ядравай зброі з Расеі на беларускую тэрыторыю. Таксама яна праанансавала сваю паездку ў Брусель дзеля абмеркавання стратэгіі ЕЗ па Беларусі.

«Нам, беларусам, не патрэбныя ні прыгожынскія галаварэзы, ні расейскія ядравыя ракеты, ні моцная рука. Пуцін і Лукашэнка ператвараюць нашую краіну ў ізгоя і ваенны палігон. Хоць яны папсавалі ўсім нам шмат крыві, але гэта не нагода скласці рукі. Ні мне, ні вам», – заявіла Ціханоўская.

27 чэрвеня лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў накіроўваецца ў Брусель, дзе будзе абмяркоўваць стратэгію ЕЗ па Беларусі, «якая прадугледжвае захады па спыненні пераўтварэння Беларусі ў расейскую калонію». Таксама Ціханоўская паведаміла аб тым, што разам з Абʼяднаным пераходным кабінетам рыхтуецца да Саміту НАТА, дзе будуць абмеркаваны механізмы прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці, супрацьдзеяння размяшчэнню ядравай зброі, стратэгія бяспекі рэгіёну.

«Я хачу яшчэ раз паўтарыць – я не саступлю ніводнай пазіцыі, што тычыцца нашых нацыянальных інтарэсаў, бяспекі і незалежнасці Беларусі», – сказала Святлана Ціханоўская.

Раней Аляксандр Лукашэнка паведаміў аб тым, што кіраўнік ЧВК Вагнэра Яўген Прыгожын ужо ў Беларусі і на беларускую тэрыторыю перавезена ўжо большая частка тактычнай ядравай зброі, якую Расея збіраецца тут размясціць.

«Хвілін 30 матам размаўляў», – Лукашэнка распавёў, як нібыта мірыў Прыгожына з Пуціным

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны