Далей без Харватыі, Украіны, Чэхіі і Польшчы, затое з Грузіяй

У Нямеччыне скончыўся першы этап фінальнага турніру футбольнага «Еўра-2024». Сталі вядомыя як удзельнікі 1/8 фіналу, гэтак і тыя, хто едзе дадому. Звернем увагу, што сярод няўдачнікаў аказаліся нашыя суседзі – палякі і ўкраінцы, а таксама моцная каманда Харватыі. Галоўную сенсацыю зрабіла зборная Грузіі, якая ўпершыню прыехала на топ-турнір, сенсацыйна перамагла Партугалію і выйшла ў 1/8 фіналу.

Грузіны святкуюць перамогу зборнай Грузіі ў матчы супраць Партугаліі падчас футбольнага турніру «Еўра-2024» у Тбілісі, Грузія. 27 чэрвеня 2024 года. Фота: Davit Kachkachishvili / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Надзея Вугоршчыны жыла тры дні, але памерла

Нямеччына – Швейцарыя – 1:1, Шатландыя – Вугоршчына – 0:1

Расклад у групе быў наступны: немцы і швейцарцы гулялі за першае месца. Першых задавальняў і нічыйны вынік. Шатландцы ў выніку перамогі выходзілі б у плэй-оф з трэцяга месца, нічыя адпраўляла дамоў і шатландцаў, і вугорцаў.

Немцы пасля дзвюх перамог у першых матчах «Еўра-2024» выйшлі на поле з такім настроем, быццам ім нічога і не трэба. Пры гэтым трымалі мяч (валоданне ім 67 % на 33 %), зрабілі ўдвая больш перадачаў (636 супраць 331) і нанеслі значна больш удараў – 18 супраць 4.

Праўда, лік адкрылі швейцарцы. Гол забілі гульцы італьянскай «Bologna»: Рэма Фройлер падаў, а Дан Ндае забіў. Швейцарыя ўстанавіла ўласны рэкорд у колькасці галоў у групавых турнірах «Еўра»: раней іх было 4, цяпер – 5.

«Еўра-2024»: Украіна можа здзівіць, Грузія ўпершыню трапіла ў эліту

Немцы ад паразы сышлі на апошняй хвіліне, калі адзначыўся Нікляс Фюлькруг, які выйшаў на замену: 31-гадовы форвард забіў на гэтым «Еўра» ўжо двойчы. Двума галамі Нікляс адзначыўся і на мінулым чэмпіянаце свету, але тады немцы не здолелі выйсці з групы, цяпер жа яны плануюць дабрацца далёка.

Галкіпер немцаў Мануэль Ноер устанавіў рэкорд для брамнікаў, правёўшы 18-ую гульню ў фінальнай стадыі «Еўра» і абышоўшы італьянца Джыджы Буфона.

У гульні шатландцаў і вугорцаў былі дзве падзеі, вартыя ўвагі. Спачатку форвард Варга Барнабаш у выніку сутыкнення з галкіперам атрымаў пералом костак і страсенне мазгоў. Варгу некалькі хвілінаў надавалі медычную дапамогу на полі, пасля чаго футбаліста з кіслароднаю маскаю вынеслі на насілках.

Партнёры тым часам закрылі футбаліста ад гледачоў. Пасля Варгу зрабілі аперацыю, цяпер ён у шпіталі, ягонаму жыццю нічога не пагражае.

Форвард зборнай Венгрыі Кевін Чобат святкуе з таварышамі па камандзе першы забіты гол падчас футбольнага матчу групы А «Еўра-2024» паміж Шатландыяй і Венгрыяй. Штутгарце, Нямеччына. 23 чэрвеня 2024 года. Фота: Miguel Medina / AFP / East News

Гульня тым часам кацілася да нулявой нічыёй, у выніку якой дадому выпраўляліся б абедзве каманды, але вугорскі трэнерскі штаб выпусціў на замену Кэвіна Чобата. Цікава, што гэты 24-гадовы форвард выступае за «Újpest», на стадыёне ўласна гэтага клубу два апошнія гады праводзіць хатнія гульні зборная Беларусі і некаторыя беларускія клубы. Дык вось Чобат спачатку стрэліў у штангу, а на апошняй хвіліне забіў пераможны гол, адправіў Шатландыю дамоў і падарыў надзею Вугоршчыне.

Італія адпраўляе дадому Харватыю

Італія – Харватыя – 1:1, Іспанія – Албанія – 1:0

Іспанія, атрымаўшы ў першых двух турах дзве перамогі, не мела падчас гульні з Албаніяй ніякай матывацыі, што не скажаш пра суперніка. У выніку перамогі Албанія выходзіла б у плэй-оф, але пакуль гэта на ўзроўні мараў.

У выніку, не кідаючы на поле ўсіх сілаў, іспанцы атрымалі лёгкую перамогу. Для гэта было дастаткова аднаго дакладнага стрэлу каталонскага таленту Фэрана Торэса. Цікава, што іспанская зборная – адзіная каманда на гэтым турніры, якая яшчэ не прапускала.

Зборнай Харватыі для выхаду ў плэй-оф патрабавалася абавязковая перамога над Італіяй. Дзейных чэмпіёнаў Еўропы задавальняла і нічыя, і нават параза, але апошняга варыянту каманда Лючана Спаллецці прыняць не магла.

Пасля правальнай гульні з Іспаніяй стырнавы італьянцаў змяніў гульнявую схему, і частка складу ды ягоная каманда глядзелася прэзентабельнай, але не настолькі, каб перамагчы больш матываваных харватаў.

На перапынак каманды пайшлі пры нулях, а спачатку другога тайму грымнула. Спаллецці змяніў Лёрэнца Пэллегрыні на Давідэ Фратэзі, які і прынёс пенальці, згуляўшы ў штрафной рукою. З пункту адправіў біць Модрыч, але не здолеў перагуляць (італьянскі галкіпер узяў 25 % пенальці, гэта вельмі высокі паказнік).

Праўда, на гэтым атака харватаў не заглухла, і мяч вярнуўся ў штрафную Італіі, 38-гадовы Лука Модрыч усё ж забіў, стаўшыся аўтарам самага ўзроставага голу ў фінальных турнірах «Еўра».

Брамнік зборнай Харватыі Дамінік Ліваковіч адбівае ўдар падчас футбольнага матчу групы В Еўра-2024 паміж зборнымі Харватыі і Італіі. Лейпцыг, Нямеччына. 24 чэрвеня 2024 года. Фота: Christophe Simon / AFP / East News

Адзначым, што Італія кінула ўсе сілы на ратаванне гульні, і здавалася, што Харватыя захавае пераможны лік, але на апошніх секундах гульні Рыкарда Каляф’ёры, які ў мінулай гульні паразіў уласную браму, зрабіў шыкоўны праход і перадачу, і Матыя Дзаканні, які праводзіў толькі друг матч за зборную Італіі, прабіў у дзявятку. Харватыя едзе дадому.

Адзначым, што пасля ўдалага выступу на чэмпіянаце свету харваты правальваюцца на «Еўра». Іхны лідар Лука Модрыч 16 гадоў таму забіў свой першы гол за зборную ў браму Італіі, і атрымліваецца, гэта апошні, бо ўвосень футбалісту будзе ўжо 39. Ён забіваў у чатырох фінальных турнірах чэмпіянату Еўропы. Цяпер цудоўная гісторыі легенды харвацкага футболу фактычна скончаная.

Англія вымучыла першае месца ў групе

Англія – Славенія – 0:0, Данія – Сербія – 0:0

8 з 9 гульняў у гэтай групе скончыліся мірам. Адзіную перамогу ў першым туры Англія атрымала над Сербіяй, што забяспечыла ёй першае месца ў групе.

Але гульня Англіі – гэта катастрофа, цяжка было глядзець, як англічане не маглі ўзламаць абароны славенцаў, больш за тое, маглі і саступіць.

Упершыню ў гісторыі фінальных турніраў чэмпіянату Еўропы ў плэй-оф выйшлі адразу дзве каманды, які не атрымалі ніводнай перамогі: Данія і Славенія тройчы згулялі ў нічыю, і гэтага хапіла для выхаду ў 1/8 фіналу.

«Еўра-2024»: яны працягнулі справу бацькоў

Аўстрыйцы сенсацыйна першыя

Аўстрыя – Нідэрланды – 3:2, Францыя – Польшча – 1:1.

Ніхто і падумаць не мог, што першае месца ў гэтай падгрупе зойме зборная Аўстрыі. Але ж нешта ведаў наш эксперт Віталь Цыганкоў, які перад стартам «Еўра-2024» нечакана заявіў:

«Я сярод самых цёмных кабылак, якія зусім нікім не каціруюцца, назаву Аўстрыю і Украіну».

Як бачым, з Украінай угадаць не ўдалося. На наш погляд, сакрэт Аўстрыі – у якаснай працы самага дасведчанага трэнера гэтага «Еўра», 65-гадавога Ральфа Рангніка. Тое, што ён умее ставіць гульню камандам, не сакрэт. Аўстрыйцы прыгожа перамаглі нідэрландцаў, раім пераглядзець найлепшыя моманты гэтай гульні для задавальнення. Апошні раз у групе на топ-турніры Аўстрыя перамагала на чэмпіянаце свету 1978 года.

Апошнія гастролі зборнай Польшчы выдатныя: палякі першыя вылецелі з турніру, але падышлі да гульні з віцэ-чэмпіёнамі свету паводле прынцыпу «запамінаецца апошняе».

Цікава, што лідар французаў Мбапэ выйшаў гуляць у масцы, бо ў гульні з аўстрыйцамі яму зламалі нос. Мбапэ гуляў у другім фінальным турніры чэмпіянату Еўропы і да гэтага не мог забіць, здолеў толькі з 23-га ўдару, зрэалізаваўшы пенальці. Канчатковы вынік гульні – 1:1 – таксама з пенальці ўстанавіў Робэрт Левандоўскі. Для яго гэты гол стаўся 83-м у складзе зборнай Польшчы. Ён, як і Лука Модрыч, забіваў на кожным з чатырох апошніх фінальных турніраў як мінімум адзін раз.

Гулец зборнай Польшчы Роберт Левандоўскі падчас матчу паміж Францыяй і Польшчай на «Еўра-2024». Дортмунд, Нямеччына. 25 чэрвеня 2024 года. Фота:

Як пракінуць міма плэй-оф Украіну?

Славаччына – Румынія – 1:1, Украіна – Бельгія – 0:0

Перад апошнім турам у гэтай групе ніхто не губляў шанцаў на плэй-оф, у кожнай каманды былі па тры пункты, але горшая розніца была ва ўкраінцаў. Там камандзе Сяргея Раброва моцна адгукнулася буйная параза ад Румыніі, 0:3. У апошнім туры каманды згулялі шахматную партыю, распісаўшы нічыйныя вынікі. Тым самым усе набралі па чатыры пункты: Румынія выйшла ў 1/8 фіналу з першага месца, Бельгія – з другога, Славаччына – з трэцяга. А Украіна паехала дадому.

Партугалія – Грузія – 0:2, Турэчынна – Чэхія – 2:1

Зборная Грузіі ўпершыню ў сваёй гісторыі прыехала на топ-турнір і ўсіх здзівіла, яна проста гуляла ў свой футбол і не звяртала ўвагі на іншых. У выніку да апошняга матчу турніру каманда падышла з адным пунктам, і толькі перамога над Партугаліяй адкрывала грузінам шлях у 1/8 фіналу. І гэты цуд здарыўся!

Ужо на другой хвіліне гульні партугальцы памыліліся ў абароне, і галоўная зорка Грузіі – Хвіча Кварацхэлія з італьянскага «Napoli» – адкрыў лік у матчы. Пасля гэтага Грузія не кінула гуляць, высока і смела сустракала партугальскіх зорак, і тыя завагаліся ў другім тайме, калі парушылі правілы сваёй штрафной плошчы.

Да мячу падышоў Гіёргі Мікаўтадзэ, з пенальці прынёс Грузіі першую перамогу на топ-турніры і вывеў яе ў плэй-оф. Адзначым, што гэты форвард забіваў у кожным матчы «Еўра», на ягоным рахунку тры галы, і ён на сёння найлепшы бамбардзір «Еўра-2024». У гэтым сезоне Гіёргі Мікаўтадзэ стаўся найлепшым бамбардзірам другога дывізіёну чэмпіянату Францыі, забіўшы за «Metz» 23 галы.

Пасля гала Гіёргі Мікаўтадзэ Партугалія яшчэ спрабавала ўратаваць гульню, але безвынікова: зняла з гульні Крыштыяну Раналду і не перашкаджала Грузіі святкаваць. У іншым матчы гэтай групы Чэхія на апошняй хвіліне прагуляла Турцыі і паехала дамоў.

Трэцюю гульню зборнай Украіны на «Еўра-2024» у Беларусі таксама не пакажуць

Што далей?

Цяпер пойдуць гульні на выбыванне, кожны дзень па дзве каманды будуць пакідаць Нямеччыну. Калі асноўны час гульні скончыцца мірам, то дададуцца два таймы па 15 хвілінаў кожны, і калі яны не дапамогуць высветліць пераможцы, прызначаць серыю пенальці.

Трэнаванне зборнай Іспаніі перад нядзельным матчам 1/8 фіналу «Еўра-2024» па футболе супраць зборнай Грузіі ў Донаўэшынгене, Нямеччына. 27 чэрвеня 2024 года. Фота: Manu Fernandez / AP Photo / East News

У 1/8 фіналу згуляюць 16 камандаў, яны падзеленыя на дзве сеткі, і пераможцы гэтых сетак сустрэнуцца толькі ў фінале.

Гэтак, першая частка сеткі выглядае значна мацней, тут амаль усе фаварыты: Партугалія, Нямеччына, Францыя і Іспанія.

Фаварытамі другой часткі сеткі сталіся італьянцы, на іх ніхто не ставіў. Яны пакуль цяжка выглядалі на гэтым турніры, але трэба ведаць італьянцаў: яны ўвесь час прыбаўляюць менавіта ў гульнях на выбыванне, не дарма ж яны дзейныя чэмпіёны Еўропы.

Такім чынам, 1/8 фіналу пабачым з 29 чэрвеня да 2 ліпеня. Вось расклад гульняў, час беларускі.

29.06. 19:00 Італія – Швейцарыя

29.06. 22:00. Нямеччына – Данія

30.06. 19:00 Англія – Славаччына

30.06. 22:00 Іспанія – Грузія

01.07. 19:00 Францыя – Бельгія

01.07. 22:00 Партугалія – Славенія

02.07. 19:00. Румынія – Нідэрланды

02.07. 22:00 Аўстрыя – Турэччына

Алесь Ляўчук belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны