Байдэн анансаваў завяршэнне ваеннай місіі ЗША ў Іраку

Ад 2022 года амерыканскія вайскоўцы будуць толькі навучаць і кансультаваць іракцаў, але браць удзел у баявых дзеяннях не стануць.

Амерыканскія вайскоўцы на нафтаперапрацоўчым заводзе «Bayji», Ірак. 15 лютага 2007 года. Фота: Curt Cashour, U.S. Army

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Джоў Байдэн і прэм’ер-міністр Ірака Мустафа аль-Казымі сустрэліся ў Вашынгтоне 26 ліпеня і заключылі пагадненне аб фармальным завяршэнні баявой місіі ЗША ў Іраку да канца 2021 года, піша Reuters.

«Наша роля ў Іраку будзе… быць дасяжнымі, працягваць навучанне, падтрымліваць, дапамагаць і змагацца з [тэрарыстычнай арганізацыяй] «Ісламскай дзяржавай», калі яна ўздыме галаву, але па сканчэнні года мы не будзем браць удзел у баявых місіях», – расказаў Байдэн.

Цяпер у Іраку каля 2500 амерыканскіх вайскоўцаў, якія змагаюцца з тым, што засталося ад тэрарыстычнай «Ісламскай дзяржавы».

Паводле Reuters, радыкальных зрухаў у тым, што робяць Штаты ў Іраку, не будзе, бо ЗША ўжо да таго сфакусаваліся на падрыхтоўцы іракскіх сілаў.

Аднак гэтае рашэнне разам з вывадам войскаў ЗША з Афганістану завяршае дзве ваенныя кампаніі, якія амаль 20 гадоў таму распачаў прэзідэнт Джордж Буш-малодшы.

Афганістан: як краіна на 40 год звалілася ў прорву грамадзянскай вайны

Злучаныя Штаты ў 2003 годзе ўвялі войскі ў Ірак, бо падазравалі тагачаснага кіраўніка Іраку Садама Хусэйна ў валоданні зброяй масавага знішчэння. Хусэйна адхілілі ад улады, але зброі масавага знішчэння не знайшлі. Хусэйна судзіў Вярхоўны суд Іраку, яго пакаралі смерцю напрыканцы 2006 года.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны