Палітвязень Ігар Лосік «нанёс шкоду» дзяржаве на 2,5 млн рублёў. Маёмасць могуць выкупіць, але для гэтага зняволены яшчэ мусіць атрымаць спецыяльны дазвол.
Журналіст радыё «Свабода» і блогер Ігар Лосік знаходзіцца ў няволі з 25 чэрвеня 2020 года. У мінулым снежні яго асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Але толькі тыдзень таму прыйшлі па маёмасць у кампенсацыю «шкоды дзяржаве», расказала «Свабодзе» ягоная жонка Дар’я Лосік.
«Гэта адбылося некалькі тыдняў таму, – кажа Дар’я. – Стук у дзверы, дзве дзяўчыны ў форме. Сказалі мне, што я ўжо напэўна ведаю, хто яны такія і чаму яны прыйшлі. Я іх пусціла. Напэўна, спрачацца з імі і не пускаць – справа бессэнсоўная. Яны папярэдзілі, што могуць выклікаць міліцыю, калі я буду ім перашкаджаць. Усё ў лепшых традыцыях было. Але дзеля справядлівасці скажу, што паводзілі сябе даволі ветліва. Нават вельмі ветліва. Бахілы надзелі».
Ігар і Дар’я даўно ў шлюбе, таму арыштаваць маглі што заўгодна. Паводле Дар’і, прыставы абышлі ўсе пакоі ў пошуках таго, што б апісаць. Арыштавалі ўсё набытае ў шлюбе: тэлевізар, камплект мэблі, нават імбрык. Таксама арыштавалі піяніна, якое бацькі набылі Дар’і, калі яна яшчэ толькі пайшла ў першы клас – але дакументаў на пакупку не захавалася, таму гэта палічылі супольнай з Ігарам маёмасцю.
«Шкода» ад дзеянняў Ігара Лосіка ацэненая ў 2,5 млн рублёў, яшчэ каля 130 тысяч рублёў – ксудовыя выдаткі. Усё гэта мусяць сплаціць родныя зняволенага. Калі не сплацяць, то маёмасць могуць кампенсаваць у любы момант і без папярэджання. А каб выкупіць маёмасць, яшчэ трэба атрымаць дазвол у Аддзеле прымусовага выканання. Да таго нельга карыстацца апісанай маёмасцю і нават перасоўваць яе па кватэры. Калі не выкупяць – гэта ўсё выставяць на продаж у крамах канфіскату.
«Мой чайнік зараз пад хатнім арыштам», – жартуе Дар’я.
Лісты Ігару даходзяць цяпер толькі ад блізкіх родных, кажа жонка. Але паспрабаваць напісаць Ігару можна на адрас: ПК № 1, 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8.
Ігара затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасля ператрусу ўдома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тыс. чалавек. Ігара абвінавацілі спачатку ў рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а потым у рыхтаванні да ўдзелу ў масавых беспарадках. За час знаходжання за кратамі – спачатку на Акрэсціна, пасля ў следчай турме Жодзіна і СІЗА Гомля – Ігар двойчы абвяшчаў галадаванне, першае цягнулася 42 дні. Другое галадаванне Лосік абвяшчаў, калі яму выставілі новы артыкул абвінавачвання. Тады ён на вачах у следчага пашкодзіў сабе руку на запясці каля венаў, а пасля абвесціў сухое галадаванне, якое пратрымаў 4 дні.
14 снежня 2021 года ў будынку СІЗА № 3 у Гомлі суддзя Мікалай Доля вынес Ігару прысуд: 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер палітвязень утрымліваецца ў гомельскім СІЗА № 3, куды яго перавялі з Жодзіна больш за год таму, у чаканні апеляцыі. Яе разгледзяць у Вярхоўным Судзе 31 траўня.
Алесь Наваборскі belsat.eu