Зяленскі адказаў Ціханоўскай на словы пра дапамогу ў вызваленні Беларусі

Уладзімір Зяленскі завочна адказаў Святлане Ціханоўскай на заяву пра тое, што яна не выключае просьбы аб дапамозе ў вызваленні Беларусі. Прэзідэнт Украіны сказаў, што перамога ягонай краіны ў вайне аўтаматычна дапаможа і Беларусі, і Грузіі, і Малдове.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і журналістка Наталля Масейчук. Кіеў, Украіна. Фота: V_Zelenskiy_official / Telegram

Сёлета ў чэрвені ў гутарцы з украінскай журналісткай Наталляй Масейчук абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская не выключыла, што папросіць Уладзіміра Зяленскага «дапамагчы вызваліць Беларусь».

Гэты фрагмент размовы журналістка паказала ўкраінскаму прэзідэнту пасля інтэрв’ю з ім. Зяленскі заявіў, што «украінская перамога паставіць кропку» і дапаможа не толькі Беларусі, але і Грузіі з Малдоваю:

«Упэўнены: перамога Украіны даць магчымасць палітычнаму развязанню, дэмакратыі, вяртанню цэласнасці тых дзяржаваў, у тым ліку Беларусі, цэласнасці Грузіі і Малдовы. І не патрэбна думаць спадарыні Ціханоўскай пра войскі іншых дзяржаваў, я так мяркую».

Афіцыйны Кіеў захоўвае мінімальны ўзровень кантактаў з Офісам Ціханоўскай. Лідары сустрэліся толькі аднойчы, сёлета ў траўні на цырымоніі ўручэння Прэміі Карла Вялікага ў Нямеччыне. Зяленскі і Ціханоўская паціснулі адно аднаму рукі і не мелі нават кароткай размовы.

Як і чаму афіцыйны Кіеў карэктуе сваю палітыку ў дачыненні Беларусі

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны