Дванаццаць фігурантаў «справы студэнтаў» ужо пачалі адбываць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Алану Гебрэмарыям, Ксенію Сырамалот, Вікторыю Гранкоўскую, Таццяну Екельчык, Марыю Каленік, Анастасію Булыбенку, Яну Арабейку, Вольгу Філатчанкаву, Касю Будзько этапавалі ў гомельскую жаночую калонію.
Падтрымаць дзяўчат лістамі і паштоўкамі салідарнасці можна па адрасе: ПК № 4, 246035, вул.Антошкіна, 3, г. Гомель.
Ягора Канецкага этапавалі ў трэцюю калонію «Віцьба».
Падтрымаць Ягора: ПК № 3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба.
Іллю Трахтэнберга накіравалі ў папраўчую калонію № 15 у Магілёў.
Падтрымаць Іллю: ПК № 15, 213105, Слаўгарасдкая шаша, 183, п/а Вейна, г. Магілёў.
Глеба Фіцнера этапавалі ў шклоўскую калонію № 17. Пішыце Глебу: ПК № 17, 213004, вул. 1-я Заводская, 8, г. Шклоў, Магілёўская вобласць.
Прысуд у «справе студэнтаў» быў вынесены сёлета 16 ліпеня. Суддзя Марына Фёдарава прызначыла выкладчыцы Вользе Філатчанкавай і 11 абвінавачваным студэнтам ад 2 да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Фігурантаў справы абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 17 і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, учыненыя групай асобаў»).
26 і 27 кастрычніка 2020 года ў беларускіх ВНУ праходзілі масавыя акцыі пратэсту студэнцтва. А праз два тыдні, 12 лістапада, у так званы «чорны чацвер», пачаліся затрыманні ў студэнцкай супольнасці – арыштавалі 12 чалавек.
ГГ, belsat.eu