У райцэнтры Карэлічы ў Гарадзенскай вобласці 27 кастрычніка АМАП правёў затрыманні ў паліклініцы, райвыканкаме і доме культуры. Сярод затрыманых ёсць лекары, паведамляюць праваабаронцы.
«Раніцай у Карэліцкай цэнтральнай раённай паліклініцы было затрымана некалькі лекараў і стаматолаг. З пакінутым персаналам праводзілі «прафілактычныя гутаркі» аб недапушчальнасці “падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы”», – распавялі праваабаронцы.
Паводле іхных дадзеных, былі затрыманыя два чалавекі ў Карэліцкім райвыканкаме, а таксама некаторыя супрацоўнікі «Карэліцкага раённага цэнтру культуры і народнай творчасці».
Як мяркуюць праваабаронцы, верагодней за ўсё, усіх затрыманых абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў». Але дакладныя прычыны затрымання пакуль невядомыя. Гэта ўжо другое падобнае масавае затрыманне людзей у Карэлічах за апошні час.
Таксама 27 кастрычніка прайшлі затрыманні ў Лідзе і Наваполацку.
Алена Рувіна belsat.eu