Пацверджання гэтых звестак няма, аднак адзін міліцыянт праверыў звесткі пра затрыманага і расказаў пра гэта жонцы.
Увечары 25 лістапада фрылансер беларускай службы радыё «Свабода» Андрэй Кузнечык перастаў выходзіць на сувязь. Аказалася, што яго затрымалі, калі ён паехаў на шпацыр на ровары. Дамоў вярнуўся з чатырма невядомымі (адзін назваўся Іванам), якія ўчынілі ператрус і забралі тэхніку ў яго і жонкі.
Днём 26 лістапада стала вядома, што Андрэя Кузнечыка змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Фармальная прычына невядомая, аднак яго жонка расказала ў сацсетках, што адзін міліцыянт праверыў звесткі і расказаў: 26 лістапада Андрэя асудзілі на 10 дзён арышт за «дробнае хуліганства» (у чым яно было, невядома). Ён мае выйсці на волю 5 снежня.
Прэзідэнт радыё «Свабода» / радыё «Свабодная Еўропа» Джэрэмі Флай зрабіў такую заяву з прычыны затрымання Кузнечыка:
«Рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае намаганні з мэтай знішчыць усе незалежныя СМІ ў Беларусі. Андрэй быў выкрадзены агентамі рэжыму толькі за тое, што ён журналіст. Рэжым таксама атакаваў адзін з нашых акаўнтаў у сацыяльных сетках, спрабуючы перакрыць яшчэ адзін канал інфармацыі для беларускага народу. Андрэй павінен быць неадкладна вызвалены, яму павінна быць дазволена вярнуцца да жонкі і маленькіх дзяцей. Ніякага злачынства ён не ўчыняў».
АА belsat.eu