Лаўроў адклаў візіт у Менск праз смерць Макея

Кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў адклаў візіт у Менск у сувязі са смерцю кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на прэсавую службу расейскага міністэрства. 

Сяргей Лаўроў. Фота: БелТА / belta.by

Паведамляецца, што працоўны візіт міністра замежных справаў РФ Сяргея Лаўрова ў Менск і правядзенне паседжання калегіяў МЗС Беларусі і Расеі, запланаваныя на 27–28 лістапада, адклалі ў сувязі са смерцю кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея.

«У сувязі з заўчаснай смерцю кіраўніка МЗС Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея вырашана адкласці правядзенне паседжання калегіяў МЗС Беларусі і МЗС Расеі і працоўнага візіту міністра замежных справаў РФ Сяргея Лаўрова ў Менск, запланаванае на 27–28 лістапада», – адзначылі ў расейскім дыпведамстве.

У ведамстве дадалі, што «пра новыя тэрміны візіту і паседжанні калегіяў будзе дадаткова абвешчана».

Планавалася, што кіраўнік расейскага дыпведамства Сяргей Лаўроў наведае Менск 27–28 лістапада для ўдзелу ў супольным паседжанні калегіі МЗС РФ і Беларусі. Як інфармаваў ТАСС, меркавалася сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.

Раней у суботу МЗС Беларусі паведаміла пра раптоўную смерць кіраўніка дыпламатычнага ведамства. Лаўроў накіраваў жонцы калегі тэлеграму са спачуваннямі ягоным блізкім і родным.

Памёр міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей

Раней дзяржаўнае інфармацыйнае прадпрыемства «БелТА» паведаміла 26 лістапада пра смерць міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея. Гэта пацвердзіла Міністэрства замежных справаў. Яшчэ 25 лістапада Макей сустракаўся з апостальскім нунцыем (амбасадарам Ватыкану) Антэ Ёзычам. 23 лістапада Макей лётаў у Ерэван на саміт Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі.

«Ён запомніцца шчырай працай на дыктатара». Валер Кавалеўскі назваў Макея часткай рэпрэсіўнага рэжыму

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны