Журы Беларускага конкурсу фестывалю кіно паўночных і балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне» абрала пераможцаў. Спецыяльны прыз фестывалю дастаўся серыі «Ператрымка» серыялу «Працэсы», знятага «Белсатам».
«Тое, як рэжысёр Андрэй Кашперскі распавядае гісторыю, спароджаную імкненнем беларускіх уладаў любым коштам падавіць пратэсты, здзівіла членаў журы. Гэты фільм унікальны, арыгінальны, смелы і смешны, а яго гумар не толькі адлюстроўвае дзівацтва дзяржаўных рэпрэсій, але і з’яўляецца спосабам супраціву, якому журы выражае захапленне і падтрымку. Гэтай кінастужкай Андрэй Кашперскі акрэслівае свой уласны стыль», – адзначае журы фестывалю ў сваім каментары.
Рэжысёр – Андрэй Кашперскі ў суаўтарстве з Міхасём Зуем. У здымцы першай серыі бралі ўдзел такія акторы, як Андрэй Новік, Валянціна Гарцуева, рэпер ANGST, Алесь Шэдаў, Глеб Ільдаравіч, Міхась Зуй. Прэм’ера першай серыі адбылася на YouTube 25 лістапада.
Гран-пры «Паўночнага ззяння» заваявала дакументальная стужка «Радзіма», знятая Ганнай Бадзякай і Аляксандрам Міхалковічам (Швецыя, Украіна, Нарвегія). Фільм расказвае пра беларусаў у цісках Бацькаўшчыны і ўплыў савецкіх казарменных законаў на цывільнае жыццё Беларусі.
У намінацыі «Спецыяльная згадка» на фестывалі быў адзначаны фільм «Дзённік Анастасіі» рэжысёра Максіма Буйніцкага (Польшча). Гэтая карціна – дакументальная споведзь беларускай мастачкі ў эміграцыі.
Раман Шавель belsat.eu