Школьнікі ў Беларусі могуць зрабіцца студэнтамі, не здаючы цэнтралізаванага тэставання. Адзін са спосабаў – перамагчы або зрабіцца прызёрам універсітэцкай алімпіяды (уладальнікі дыпломаў I, II і III ступені). Сёлета іх будзе праводзіць 21 ВНУ краіны. Рэгістрацыя ўдзельнікаў ужо пачалася, піша smartpress.by.
Хто можа ўдзельнічаць ва ўніверсітэцкіх алімпіядах?
Ва ўніверсітэцкіх алімпіядах можа паўдзельнічаць любы адзінаццацікласнік. Неабходна запоўніць заяўку на сайце ўніверсітэту. Некаторыя ВНУ дазваляюць абраць толькі адзін прадмет, а некаторыя даюць паспрабаваць сілы ў некалькіх. Напрыклад, Віцебскі медычны ўніверсітэт дазваляе выбраць адразу тры дысцыпліны.
Рэгістрацыя на ўдзел у алімпіядах ужо пачалася. У кожным універсітэце свае тэрміны. Іх лепш удакладніць, патэлефанаваўшы ў неабходную ВНУ.
Якія ВНУ праводзяць алімпіяды?
У гэтым годзе спіс пашырылі. Алімпіяды пройдуць у 21 ВНУ. Важна: як і падчас леташняй уступнай кампаніі, такія алімпіяды будуць праходзіць толькі ў рэгіянальных ВНУ.
Поўны спіс універсітэтаў можна вывучыць тут.
Як праходзяць выпрабаванні?
Выпрабаванні пройдуць у два этапы. Папярэдні адбудзецца дыстанцыйна. На электронную пошту, якую школьнікі назавуць пры рэгістрацыі, прыйдзе спасылка на алімпіядную працу.
Заключнае выпрабаванне пройдзе вочна. Прычым фінальны этап ува ўсіх ВНУ плануецца правесці ў адзін дзень – 17 лютага. Вынікі будуць падводзіць з 20 лютага да 6 сакавіка 2024 года.
Тэрміны правядзення алімпіядаў ВНУ вызначаюць самі, як і час, выдзелены на правядзенне выпрабаванняў. Напрыклад, у Гарадзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце на выкананне заданняў онлайн будзе адведзена паўтары гадзіны. Да другога этапу дапусцяць удзельнікаў, якія набралі не менш як 50 %. А пісьмовую працу ў фінале можна будзе выконваць цягам трох гадзінаў.
На якія спецыяльнасці можна паступіць?
На гэты момант спіс яшчэ зацвярджаецца. Раней у Міністэрстве адукацыі паведамлялі, што спіс спецыяльнасцяў сёлета пашыраць. У яго, напрыклад, увойдуць:
Правядзенне ўніверсітэцкіх алімпіядаў аднавілі ў Беларусі ў 2022 годзе. Сёлета ў іх удзельнічала прыкладна 2600 школьнікаў. Сярод пераможцаў каля 400 чалавек скарысталіся магчымасцю паступіць у ВНУ без іспытаў.
Нагадаем, што без уступных іспытаў у ВНУ могуць таксама залічвацца пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Але толькі на спецыяльнасці, на якіх прадмет алімпіяды ёсць адным з профільных.
Што да пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды, ім дазволена паступіць на педагагічныя і найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці без экзаменаў. Таксама плануецца, што ў 2024 годзе яны змогуць паступіць без здачы ЦТ у рэгіянальныя ВНУ на спецыяльнасці, на якіх прадмет алімпіяды – адзін з профільных.
СП, belsat.eu