Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 27 снежня

«Белсат» падводзіць вынікі 307-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 27 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы на фронце. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

У паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай працягваюцца пазіцыйныя баі, якія адзначаюцца асаблівай інтэнсіўнасцю ў ваколіцах Плашчанкі і Крэмінной.

Расейскі ваенны карэспандэнт Сямён Пегаў піша, што Збройныя сілы Украіны, атакуючы каля Дзібровы і Кузьміна, намагаюцца пашырыць сваю зону кантролю ў лясным масіве каля Крэмінной. У гэты ж час на поўнач ад гэтага ўчастку фронту ініцыятываю валодаюць войскі РФ, якія атакуюць у ваколіцах Чырвонапапоўкі, Неўскага, Плашчанкі, Стэльмахоўкі і Навасёлаўскага.

Між тым тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе пра ўкраінскі наступ каля Чырвонапапоўкі, у выніку якога ЗСУ занялі адзін з апорных пунктаў праціўніка.

Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай паведамляе, што расейцы сцягваюць вялізную колькасць жывой сілы і тэхнікі да Крэмінной, але гэта ўсё адно не дапамагае ім выправіць сітуацыю. Цяпер праціўнік засяродзіўся ў лесапалосах каля гораду і замініраваў тэрыторыю вакол сябе. Паводле Гайдая, у выніку вызвалення Крэмінной уся лінія абароны расейцаў у Луганскай вобласці будзе парушаная.

На тэрыторыі Данецкай вобласці асноўныя баявыя дзеянні праходзяць на бахмуцкім і аўдзееўскім кірунках.

Генеральны штаб ЗСУ піша пра адбіццё атак праціўніка каля Дылееўкі, Краснагораўкі, Вадзянога, Вясёлага, Мар’інкі і Пабеды.

Аналітыкі праекту «Deepstatemap» фіксуюць баі на стыку Бахмуцкага і Салядару, у Вопытным і каля Кляшчэеўкі, а таксама спробы штурму расейцамі цэнтру Мар’інкі.

Пегаў адзначае расейскія атакі ў ваколіцах Дружбы, Курдзюмаўкі і Падгароднага. Таксама, паводле ваеннага карэспандэнта, працягваюцца сустрэчныя баі на ўсходніх ускрайках Бахмуту.

Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла, што расейцы па-ранейшаму спадзяюцца выйсці да межаў Данецкай вобласці да канца гэтага года, дзеля чаго яны сканцэнтравалі значныя сілы на асобных участках фронту, у прыватнасці ў ваколіцах Бахмуту.

Тым часам прарасейскія рэсурсы пачалі актыўна абмяркоўваць далейшы лёс гораду. Асобныя з іх мяркуюць, што ЗСУ неўзабаве здадуць райцэнтр, і гэта будзе выклікана ў першую чаргу вялізнаю колькасцю стратаў сярод вайскоўцаў. Іншыя ж крыніцы адзначаюць наяўнасць рэзерваў, якія дапамогуць Украіне ўтрымаць горад.

Між тым усе рэсурсы сыходзяцца на тым, што ЗСУ ўжо паспелі падрыхтаваць другую і трэцюю лініі абароны за Бахмутам.

Сітуацыя па лініі фронту ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца адносна спакойная: абодва бакі канфлікту засяродзіліся на вядзенні абароны і нанясенні артылерыйскіх удараў.

Паводле Генштабу ЗСУ, цягам мінулых содняў былі знішчаныя каля 620 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне дасягнулі 103 220 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйных паведамленняў удзельнікаў вайны. 

ВК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату