У Горадні зрабілі выяву зубра з аўтамабіляў

Каб павіншаваць беларусаў з надыходзячым Новым годам, у Горадні з больш чым 160 аўтамабіляў зрабілі вялікую фігуру зубра. Здымкі вяліся з дрона.

Больш за 160 аўтамабіляў утварылі контур зубра ў Гарадзенскай вобласці. Фота: АвтоГродно

Акцыя адбылася 26 снежня. Для таго каб вышыхтаваць аўтамабілі, на пляцоўцы спачатку з дапамогай GPS намалявалі контур зубра.

У якасці арганізатараў акцыі выступіў сайт «АвтоГродно» пры падтрымцы ДАІ Горадні, Гарадзенскага аблвыканкаму і яшчэ некалькіх прыватных кампаній.

Больш за 160 аўтамабіляў утварылі контур зубра ў Гарадзенскай вобласці. Фота: АвтоГродно

Як адзначае «АвтоГродно», «традыцыя збірацца разам, казаць адно аднаму цёплыя пажаданні перад Новым годам і, канечне ж, будаваць фігуру з аўтамабіляў зарадзілася яшчэ ў 2016 годзе». Выданне нагадвае, што некалькі гадоў таму аўтамабілісты Горадні ўжо будавалі контуры галавы зубра і васілька, але тады шмат хто казаў, што фігура мусіць быць цэльнай, таму было прынятае рашэнне сабрацца зноў і здзейсніць задуму.

Больш за 160 аўтамабіляў утварылі контур зубра ў Гарадзенскай вобласці. Фота: АвтоГродно

Гэтым разам арганізатары заклікалі ўдзельнікаў акцыі рабіць святочныя інсталяцыі на сваіх аўтамабілях, за што былі прадугледжаныя прызы. У канцы акцыі адбыўся салют.

Арганізатары акцыі дзякуюць за дапамогу ў здымках з квадракоптара Гарадзенскаму аблвыканкаму, таму, трэба разумець, праблем з-за выкарыстання беспілотніка быць не павінна.

Нагадаем, што ў верасні Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім фізічным асобам забараняецца валодаць і карыстацца беспілотнымі апаратамі. У сувязі з гэтым вядомы факт, калі аператара дрона аштрафавалі за тое, што ён вёў здымкі з беспілотніка для дзяржаўнага прадпрыемства.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны