28 студзеня суд Заводскага раёну Менску агучыў прысуды Кіму і Аляксею Самусенкам, Паўлу Дразду і Івану Андрушойцю, якіх судзілі за ўзлом камп’ютарнай сістэмы Менскага гарвыканкаму. Прысуды – ад 3,5 да 6,5 года калоніі агульнага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, паведамляе «Вясна».
Браты Кім і Аляксей Самусенкі асуджаныя адпаведна на 6,5 і 4 гады калоніі. Павел Дрозд і Іван Андрушойць – на 3,5 года.
Рашэнне аб пакаранні прыняла суддзя Жанна Хвойніцкая. Яна ж у пачатку працэсу пастанавіла весці судовае следства ў закрытым рэжыме, бо «ў матэрыялах справы ўтрымліваюцца звесткі, якія месцяць дзяржаўную таямніцу».
Маладзёнаў вінавацілі паводле 6 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Паводле версіі абвінавачання, у лістападзе 2020 года адзін з падсудных «на тэхнічным паверсе будынку на вуліцы Прытыцкага ў Менску пры дапамозе кампʼютарнай тэхнікі ажыццявіў несанкцыянаваны доступ да інфармацыі, якая захоўваецца ў кампʼютарнай сетцы Менскага гарадскога выканкаму». Мужчына нібыта завалодаў запісамі камераў відэаназірання, усталяваных у сталіцы, і апублікаваў іх на інтэрнэт-рэсурсах.
Таксама «абвінавачваныя пры дапамозе шкоднага ПЗ атрымалі доступ да кампʼютарных сістэмаў ЦІТ Менгарвыканкаму і ГУУС Менгарвыканкаму, што пацягнула за сабою парушэнне нармальнай працы прадпрыемстваў і дзяржаўных органаў, скапіявалі і выдалілі файлы розных фарматаў ды ўнеслі ў іх загадзя ілжывую інфармацыю».
Фігуранты справы правялі за кратамі ўжо 18 месяцаў, паведамляюць праваабаронцы. Падчас ператрусаў у іх была нібыта сканфіскаваная агнявая зброя, а таксама бронекамізэлька і радыёстанцыі.
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны.
ЗК belsat.eu