Дзяржсакратар «Саюзнай дзяржавы» не пабачыў пагрозы суверэнітэту Беларусі праз інтэграцыю з Расеяй

Дзяржаўны сакратар гэтак званай Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў у інтэрв’ю дзяржаўнаму беларускаму тэлеканалу заявіў, што Расея не пазбаўляе Беларусь суверэнітэту і незалежнасці. «Мы робім адно аднаго мацнейшымі», – сказаў расейскі чыноўнік.

Дзяржаўны сакратар «Саюзнай дзяржавы» Дзмітрый Мезенцаў. Скрыншот: atnbtrc / YouTube

Дзмітрый Мезенцаў параўнаў інтэграцыю ў ЕЗ з інтэграцыяй у «Саюзнай дзяржаве» і адзначыў, што сувязі ў Еўразвязе «куды больш маштабныя і глыбокія», чымся паміж Беларуссю і Расеяй:

«Калі мы сёння кажам пра брацкія стасункі паміж Беларуссю і Расеяй, кажам пра гэта не ў межах адказу на санкцыйны ціск Захаду, на закіды з іх боку, а як разуменне таго, што мы робім адно аднаго мацнейшымі, і гэта значыць, што ні пра якую пагрозу незалежнасці і суверэнітэту Беларусі гаворкі быць не можа».

Тых, хто папярэджвае пра пагрозы паглынання Беларусі Расеяй, дзяржаўны сакратар гэтак званай Саюзнай дзяржавы абвінаваціў у няшчырым піяры.

Расейскі прэм’ер падпісаў пастанову, якая пазбаўляе Беларусь падатковага суверэнітэту

«Гэтыя людзі, можа, і затармазілі на некаторых этапах рэальную эканамічную інтэграцыю, што абсалютна не пагражае суверэнітэту і нацыянальнаму ладу Беларусі і рабіла б наш саюз мацнейшым. Цяпер мы навёрстваем», – сказаў Мезенцаў на пытанне супрацоўніцы каналу «Беларусь 1», ці варта біць у набат, што «мы губляем нейкую незалежнасць».

Не паглынанне, але павелічэнне залежнасці: вынікі інтэграцыі Беларусі з РФ у 2023 годзе

Паводле расейскага чыноўніка, «ні нацыянальнаму ладу, ні нацыянальным традыцыям, ні роднай беларускай мове ніхто не пагражае».

«Наадварот, выяўляецца неймаверная павага і нават шанаванне да таго, як у Беларусі ставяцца да сваёй вёскі, паселішчу, аграгарадку, як ставяцца цягам стагоддзяў да імёнаў грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў літаратурнага, культурнага, пісьменніцкага цэху, асветніцкага цэху, што мы сёння болей і болей пазнаем і паказваем свету», – заявіў Мезенцаў.

Лукашэнка ўспомніў пра суверэнітэт

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны