У судзе Заводскага раёну Менску 28 лютага а 14:30 пачнуць судзіць галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзелу рэкламы і маркетынгу Андрэя Скурко. Справу будзе разглядаць суддзя Анжэла Касцюкевіч.
Нашаніўцаў Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 года. Першапачаткова – паводле падазрэння ва ўчыненні злачынства паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
28 ліпеня 2021 года Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 216 КК («Нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання, зробленае групай асобаў»). Прэтэнзія палягае ў тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была паводле тарыфаў для фізічных асобаў, а трэба было плаціць паводле тарыфаў для юрыдычных асобаў. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнерга» была нанесеная шкода памерам больш за 10 тысяч рублёў, якую абвінавачаныя скампенсавалі ў поўным аб’ёме. «Мінэнерга» з прэтэнзіямі ніколі не звярталася.
Вядома, што падчас допыту ў Следчым камітэце Марціновічу выклікалі хуткую дапамогу, яго збівалі сілавікі.
28 лютага а 14:30 суддзя Анжэла Касцюкевіч распачне разгляд справы супраць галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча і кіраўнікв аддзелу рэкламы і маркетынгу Андрэя Скурко.
РК belsat.eu