«Вясна»: Прымус вайскоўцаў да выканання неканстытуцыйных загадаў – гэта злачынства

Праваабарончы цэнтр «Вясна» ў сувязі з дазволам весці агрэсіўную вайну супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі і праз магчымы ўдзел у ёй вайскоўцаў УС Беларусі апублікавала адмысловую заяву. У ёй гаворыцца, што прымус вайскоўцаў да выканання неканстытуцыйных загадаў ёсць злачынствам.

Праваабаронцы нагадваюць, што закон «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь» выключае іх удзел для вядзення агрэсіўнай вайны.

«У такіх умовах мы заяўляем, што ўлады Беларусі, не спыняючы небывалых рэпрэсіяў у дачыненні грамадзянскай супольнасці ўласнай краіны, рэалізуюць супярэчную Канстытуцыі і заканадаўству замежную палітыку, якая апроч удзелу ў агрэсіі Расейскай Федэрацыі пагражае непасрэдным удзелам грамадзян Беларусі ў несправядлівай крывавай вайне на тэрыторыі дзяржавы-суседа…» – гаворыцца ў заяве.

«Прымус беларускіх вайскоўцаў да выканання неканстытуцыйных загадаў, якія відавочна супярэчаць закону, з’яўляецца злачынствам», – нагадваюць праваабаронцы.

«Вясна» выказвае меркаванне, што вайскоўцы, якія адмовяцца выконваць загадзя незаконныя загады, могуць сутыкнуцца з крымінальным пераследам, і заклікае ўлады Беларусі вярнуцца ў канстытуцыйныя і дагаворныя рамкі ўзаемаадносінаў з дзяржавамі, спыніць удзел у эскалацыі міжнароднай напружанасці і адмовіцца ад удзелу ў вайне.

«Адмова вайскоўцаў ад удзелу ў агрэсіўнай вайне мусіць разглядацца выключна як рэалізацыя сваіх канстытуцыйных грамадзянскіх правоў», – заявілі праваабаронцы.

Заява «Вясны» прынятая 27 лютага.

ЗК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны