Атрыманне вышэйшай адукацыі за мяжой набірае ўсё большую папулярнасць сярод беларусаў. Для студэнтаў, выключаных з беларускіх ВНУ за свае погляды, а таксама для дзяцей беларусаў, якія былі вымушаныя ўцякаць за мяжу ад рэпрэсіяў, пошук магчымасцяў для навучання ў іншых краінах робіцца неабходнасцю. Мы паглядзелі, што прапаноўваюць бліжэйшыя да Беларусі краіны Еўразвязу.
У Вільні з 2005 года працуе Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які з 1992 да 2004 года даваў адукацыю беларускім студэнтам у Менску.
Сёлетняя прыёмная кампанія ў ЕГУ распачалася 2 траўня і працягнецца да 10 ліпеня.
Набор вядзецца на вочную і завочную формы навучання на бакалаўрскія праграмы:
Працягласць вочнага навучання на бакалаўрскіх праграмах – 4 гады, завочнага – 5 гадоў.
На праграме «Міжнароднае права і права Еўрапейскага Звязу» навучанне бесперапыннае. Працягласць – 5 гадоў. Кошт – € 1300 за семестр на вочнай форме, € 900 – на завочнай.
Таксама ідзе набор на магістарскія праграмы:
Абітурыенты могуць прэтэндаваць на 50-адсоткавае ці на 100-адсоткавае пакрыццё кошту навучання на падставе партфоліа. Партфоліа складаецца з дакументаў, якія пацвярджаюць дасягненні абітурыента на момант паступлення (дыпломы з конкурсаў, алімпіядаў, канферэнцыяў, сертыфікаты аб удзеле ў сацыяльных і валанцёрскіх праграмах, электронныя версіі творчых працаў і да т. п.). Таксама трэба прыкласці суправаджальны ліст, у якім растлумачыць, як усе гэтыя дасягненні звязаныя з місіяй ЕГУ.
Надзвычайны фонд ЕГУ падтрымлівае студэнтаў, якія былі адлічаныя ці не могуць вучыцца ў беларускіх ВНУ з палітычных прычынаў. Сума і ўмовы падтрымання залежаць ад кожнага канкрэтнага выпадку.
Адна з найбольш папулярных праграмаў, якая дае магчымасць бясплатнага навучання ў Польшчы, – Праграма Каліноўскага, створаная ў 2006 годзе, каб падтрымаць рэпрэсаваных студэнтаў з Беларусі. Сёлета прыём дакументаў ужо закончыўся – ён працягваўся да 15 траўня.
Студэнты, якія навучаюцца ў розных ВНУ Польшчы на Праграме Каліноўскага, атрымліваюць стыпендыю 1250 злотых на месяц на бакалаўрыяце і 1500 злотых – на магістратуры. Падрабязней аб праграме можна даведацца тут.
З 2020 года ў Польшчы дзейнічае Беларуская акадэмія, якая дае магчымасць беларусам атрымаць еўрапейскі дыплом праз навучанне онлайн.
З 1 чэрвеня да 1 верасня будзе праходзіць прыём дакументаў на новы навучальны год. Абітурыентам будуць прапанаваныя дзве магістарскія спецыяльнасці і адна бакалаўрская. Больш дакладную інфармацыю кіраўніцтва Акадэміі абяцае падаць неўзабаве.
Папярэдні набор праходзіў да 15 лютага бягучага года па спецыяльнасці «Менеджмент і медыяцыя». Кошт складаў PLN 4400 за год навучання (каля $ 1000).
Залічэнне адбываецца без экзаменаў. Навучанне праходзіць у розных ВНУ Польшчы ў залежнасці ад праграмы.
Каб вучыцца ў Беларускай акадэміі, неабавязкова нікуды выязджаць – навучанне вядзецца цалкам онлайн. Мовы навучання – беларуская і расейская. У сакавіку бягучага года Акадэмія атрымала афіцыйны дазвол на выкладанне на беларускай мове.
Па сканчэнні навучання выдаецца дыплом польскай ВНУ, які прызнаецца ў Еўразвязе.
Дадаткова навучанне ў Беларускай акадэміі дае магчымасць атрымання візы, права на працу ў Польшчы, ільготы на праезд у грамадскім транспарце, права на атрыманне часовага побыту ў Польшчы.
Адрас для кантакту і падачы дакументаў: ba@wskm.edu.pl. Інфармацыю можна атрымліваць у тэлеграм-канале і тэлеграм-чаце навучальнай установы.
Беларуская акадэмія была створаная ў кастрычніку 2020 г. у Беластоку. Яна аб’ядноўвае некалькі дзясяткаў выкладчыкаў з розных краінаў, якія так ці інакш звязаныя з Беларуссю. Акадэмія працуе на валанцёрскіх пачатках, не карыстаецца грантамі, і гэта не аднаразовы праект. Каардынатар і суарганізатар Беларускай акадэміі – беластоцкі фонд «Okno na Wschod».
Беларускія абітурыенты з картай паляка могуць спрабаваць паступіць у любую польскую ВНУ, бо навучанне для іх будзе бясплатным на ўсіх узроўнях – бакалаўрыят, магістратура.
Уступная кампанія ў польскія ВНУ распачалася 16 сакавіка і працягнецца да 15 кастрычніка 2022 года. У кожным універсітэце могуць быць свае тэрміны, таму трэба сачыць за інфармацыяй.
Для студэнтаў з Усходняй Еўропы і постсавецкай прасторы ў Польшчы існуюць стыпендыі.
Беларускія студэнты могуць паспрабаваць выйграць конкурс на навучанне ў нямецкай ВНУ цягам семестру. Стыпендыяльная праграма працуе ўжо 16 гадоў пры падтрыманні Таварыства студэнцкіх абменаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропай (GFPS). Конкурс праводзіцца два разы на год – студэнтаў набіраюць на зімні і летні семестры. Стыпендыя ў межах праграмы складае € 800 на месяц. GFPS аплочвае студэнцкія ўнёскі, медычную страхоўку, кампенсуе выдаткі на дарогу з Беларусі да Нямеччыны і назад. За арэнду жытла студэнт мусіць плаціць самастойна.
Каб прэтэндаваць на гэтую праграму, трэба быць студэнтам аднаго з беларускіх ВНУ (адвучыцца хаця б 4 семестры), мець грамадзянства Беларусі. Студэнты выпускных курсаў не могуць прэтэндаваць на стыпендыю. Таксама патрэбны сертыфікат, які пацвярджае добрае валоданне нямецкай мовай – не ніжэй за В2.
Наступны набор будзе на летні семестр 2023 года. За інфармацыяй можна сачыць тут.
Беларусы могуць таксама паспрабаваць паступіць у любую нямецкую ВНУ на агульных умовах. Навучанне ў дзяржаўных установах бясплатнае, але прыйдзецца заплаціць студэнцкія ўнёскі. ВНУ Нямеччыны дзеляцца на ўніверсітэты і вышэйшыя школы. Універсітэты даюць больш тэарэтычную і навуковую адукацыю, вышэйшыя школы – практычную. Дыпломы і ўніверсітэту, і вышэйшай школы маюць аднолькавую вартасць.
Каб паступіць у ВНУ ў Нямеччыне, трэба адвучыцца 12 гадоў. Для беларусаў, якія вучацца ў школе 11 гадоў, існуюць такія варыянты:
Важна добра ведаць нямецкую мовы – узровень не ніжэйшы за В2 – С1.
Дакументы нямецкія ВНУ прымаюць два разы на год – улетку і зімой. Аднак у кожнай установе могуць быць свае патрабаванні.
У Чэхіі адукацыя ў дзяржаўных і грамадскіх ВНУ бясплатная для грамадзянаў любой краіны, але вучыцца прыйдзецца на чэшскай мове. Існуе шмат магчымасцяў прайсці падрыхтоўчыя моўныя курсы. Таксама можна атрымаць стыпендыю.
Традыцыйна ўступная кампанія ў чэшскія ўніверсітэты выглядае так:
У асобных ВНУ этапы ўступнай кампаніі могуць адрознівацца, таму дакладную інфармацыю трэба высвятляць на сайтах універсітэтаў.
Сёлета падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай міністр адукацыі Чэхіі запэўніў, што беларускія студэнты могуць разлічваць на стыпендыі, якія дае чэшскі ўрад.
Ганна Ганчар belsat.eu