Грузінскі парламент пераадолеў вета прэзідэнткі, накладзенае на закон аб іншаагентах

Дэпутаты грузінскага парламента здолелі пераадолець вета, накладзенае прэзідэнткай Саламе Зурабішвілі, на закон «Аб празрыстасці іншаземнага ўплыву», з-за якога ў краіне пачаліся маштабныя пратэсты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дэманстранты з нацыянальнымі сцягамі Грузіі і ЕЗ сядзяць перад будынкам парламенту падчас акцыі пратэсту супраць законапраекту «Аб празрыстасці іншаземнага ўплыву». Тбілісі, Грузія. 28 траўня 2024 года. Фота: Shakh Aivazov / AP Photo / East News

Супраць заўвагаў, выказаных грузінскай прэзідэнткай Саламе Зурабішвілі, прагаласавалі 66 дэпутатаў (яна прапаноўвала, каб скандальны закон быў адменены на наступны дзень пасля таго, як будзе ўведзены ў дзеянне), за пераадоленне вета прэзідэнткі аддалі галасы 84 народныя абраннікі, супраць – 4.

Такім чынам, зараз закон будзе перададзены на подпіс прэзідэнтцы. У яе будзе пяць дзён на тое, каб падпісаць дакумент. Калі Зурабішвілі адмовіцца ад падпісання, то закон падпіша старшыня парламенту – Шалва Папуашвілі.

Згодна з новым законам «Аб празрыстасці іншаземнага ўплыву», няўрадавыя арганізацыі і медыі, якія болей чым на 20 % гадавога даходу фінансуюцца з-за мяжы, мусяць быць зарэгістраваныя як арганізацыі, якія праводзяць інтарэсы замежнай сілы.

Каб не дапусціць прыняцце гэтага закона, у краіне пачаліся масавыя выступленні грамадзянаў.

Пратэсты ў Грузіі. Яшчэ нічога не скончана

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны