Праязны дакумент для беларусаў у Польшчы могуць выдаваць на тры гады

У МУС Польшчы вядзецца праца над тым, каб павялічыць тэрмін дзеяння польскага праязнога дакумента і спрасціць працэс легалізацыі дзяцей для беларусаў, піша Reform.news са спасылкай на Цэнтр беларускай салідарнасці (ЦБС).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскі падарожны дакумент для замежніка (polski dokument podróży dla cudzoziemca). Фота: Белсат

Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі кіраўніца аддзела прававой абароны ЦБС Вольга Дабравольская і польская сенатарка Ева Калішчук. Сярод тэм, якія закраналіся, былі пытанні легалізацыі нованароджаных дзяцей, кароткі тэрмін дзеяння польскага праязнога дакуента (зараз ён дзейнічае цягам аднаго года), цяжкасці з атрыманнем візаў і доўгі разгляд заяваў на атрыманне віду на жыхарства.

У сувязі з гэтымі пытаннямі Ева Калішчук звярнулася да міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марціна Кервіньскага. У выніку з міністэрства быў атрыманы адказ, што на дадзены момант ужо робяцца крокі па рашэнні пастаўленых пытанняў і вядзецца праца па працягненні дзеяння польскага праязнога дакумента.

«З вялікай доляй верагоднасці, дакумент будуць выдаваць на тры гады. Таксама міністэрства шукае рашэнне, якое дазволіла б беларусам спрасціць працэдуру легалізацыі дзяцей у Польшчы», – прыводзіць выданне словы супрацоўнікаў ЦБС.

Нагадаем, што польскі праязны дакумент для замежніка выдаецца тэрмінам на адзін год і дае права перасячэння мяжы, цалкам замяняючы нацыянальны пашпарт.

Напрыканцы 2023 года ЦБС атрымаў ад МУС Польшчы адказ, што польскі праязны дакумент для іншаземца з’яўляецца эквівалентам пашпарту, выдадзенага польскім грамадзянам. Ён можа служыць не толькі для перасячэння мяжы, але і для пацверджання асобы яго ўладальніка.

У красавіку 2024 года Цэнтр беларускай салідарнасці ініцыяваў змены ў польскім заканадаўстве, каб спрошчаны парадак атрымання беларусамі праязнога дакументу стаўся сталым, а тэрмін дзеяння гэтага «замяняльніка пашпарту» быў тры гады замест цяперашняга аднаго. Адпаведны ліст ЦБС даслаў у Сейм Польшчы.

Спрошчаны парадак атрымання польскага праязнога дакумента для беларусаў дзейнічае да 30 чэрвеня 2024 года.

Цяпер ужо не толькі беларусы. Што будзе рабіць Еўразвяз з украінцамі і расейцамі без пашпартоў?

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны