«Скажы мне, дзядзька». Чые паходы на Маскву былі больш паспяховымі, чым у Прыгожына?

23 чэрвеня кіраўнік расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Яўгеній Прыгожын вывеў свае войскі з Украіны, уночы захапіў Растоў-на-Доне, а наступным днём вырушыў маршам на Маскву. Увесь свет замер у чаканні магчымага захопу сталіцы Расеі самімі ж расейцамі, але ў выніку найміты нават не дайшлі да гораду. «Белсат» жа ўзгадвае ранейшыя спробы захопу Масквы, у тым ліку і нашмат больш удалыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Растоў-на-Доне, Расея. 24 чэрвеня 2023 года. Фота: Reuters / Forum

Палілі і свае, і чужыя

Паліць Маскву пачалі ўжо неўзабаве пасля яе першага згадвання ў 1147 годзе. Напрыклад, увосень 1176 года падчас міжусобнай вайны «пожже городъ весь и села» разанскі князь Глеб Расціславіч. У 1213 годзе Маскву захапіў яшчэ адзін князь – Уладзімір Усеваладавіч, які адняў горад у роднага брата Юрыя.

У 1238 года пад сцены Масквы падышлі мангольскія войскі. Горад трымаў абарону пяць дзён, але ўсё ж быў узяты і спалены. А яго жыхароў ці забілі, ці ўзялі ў палон. Быў забіты і ваявода Філіп Нянька, які кіраваў абаронай гораду. А ўзятага ў палон князя Уладзіміра Юр’евіча неўзабаве забілі пад сценамі гораду Уладзімір на вачах у ягоных бацькоў.

У 1293 годзе Маскву спаліў ардынскі царэвіч Тудан, якому дапамагалі, а на думку некаторых гісторыкаў, якога нават і паклікалі суседнія князі. Татары Маскву і яшчэ 13 гарадоў у «пусту сътвориша».

Тры паходы Альгерда

У XIV стагоддзі адразу тры паходы ўчыніў вялікі князь літоўскі Альгерд, які быў саюзнікам варожага Маскве Цвярскога княства. У 1368 годзе ён імклівым маршам аблажыў горад, спустошыў наваколле і ўзяў шмат палону. Альгерд не здолеў захапіць Крамля, аднак прымусіў мясцовага князя Дзмітрыя Іванавіча (будучага Данскога) адмовіцца ад умяшання ў справы Цвярскога княства.

Але ўжо ў 1370 годзе маскоўцы зноў напалі на Цвер і нават паабяцалі напасці на ВКЛ «po krasnoy wesne, po tychomu letu». Але замест гэтага атрымалі чарговы паход Альгерда. Калі маскоўскі князь убачыў ліцвінскае войска, ён «wpade w strach welik y użasesia» і стаў прасіць міру. Пасля атрымання вялікага выкупу Альгерд «sożalisia» і прысланіў сваю дзіду да маскоўскіх сценаў на знак сваёй перамогі, каб там памяталі, «szto kopije litowskoie stoiało pod Moskowoiu». У 1372 годзе літоўскае войска зноў хадзіла на Маскву, але да самога гораду не дайшло.

Татарскія паходы і ўцёкі князёў

У жніўні 1382 года на Маскву паходам пайшоў золатаардынскі хан Тахтамыш, каб адпомсціць за адмову плаціць даніну. Дзмітрый Данскі, які за два гады да таго разбіў татараў на Куліковым полі, уцёк з гораду, кінуў у ім нават жонку з дзецьмі. Абараняць Маскву застаўся літоўскі княжыч Асцей, унук Альгерда, а ў самім горадзе здарылася паўстанне. Пад самой Масквой Тахтамыш з’явіўся 23 жніўня, а ўжо 26-га горад быў узяты з дапамогай уладзімірскіх князёў. Татары спалілі Маскву і знішчылі тысячы мясцовых жыхароў.

Спрабавалі татары ўзяць Маскву і ў 1408, 1439 і 1451 гадах, але апроч рабавання наваколля ды пэўнага выкупу ніякіх поспехаў не мелі. Кожны раз маскоўскія князі ўцякалі з гораду. Абараняць горад заставаліся іншыя, у 1439 годзе гэта быў яшчэ адзін Гедзімінавіч – князь Юрый Патрыкеевіч.

Улетку 1521 года да Масквы прыйшлі крымскія і казанскія татары братоў Мэхмэда і Сахіба Гераяў ды казакі з ВКЛ на чале з Астафеем Дашковічам. Маскоўскі князь Васіль ІІІ, паводле традыцыі, пакінуў горад, у якім пачалася паніка. У цісканіне загінулі некалькі тысячаў асобаў. Аб’яднанае татарска-ліцвінскае войска ўвайшло ў горад 30 ліпеня і размясцілася на Вараб’ёвых гарах. А ўжо на пачатку жніўня ў Крамлі была падпісаная дамова, паводле якой Васіль ІІІ прызнаваў сябе даннікам Крымскага ханства і пагаджаўся яму плаціць.

«Нацыя, што псуе планы Расеі». Як крымскія татары дапамагаюць вярнуць Крым Украіне

Праз 50 гадоў, у 1571 годзе, на Маскву, каб адпомсціць за захоп Казані і Астрахані, ізноў напаў крымскі хан – Дэўлет Герай, пляменнік арганізатараў папярэдняга паходу. Маскоўскі цар Іван IV Жахлівы так спужаўся нечаканага наступу, што з’ехаў у Растоў. Татары не здолелі ўзяць Крамля, але 24 траўня пачаўся такі моцны пажар, што ў горадзе згарэлі ўсе драўляныя пабудовы. Падчас пажару загінуў чарговы Гедзімінавіч, які кіраваў абаронай Масквы, – князь Іван Бельскі. Колькасць ахвяраў ішла на дзясяткі тысячаў, і, як пісаў інфлянцкі храніст, «тут маскоўцу было адплачана за ўсё, што ён зрабіў з беднымі Інфлянтамі і Фінляндыяй мінулаю зімою». Свой гнеў і страх цар спагнаў на сваіх жа.

Вялікая смута

Даведзенае бясконцымі войнамі і рэпрэсіямі Івана IV да калапсу Маскоўскае царства на пачатку XVII стагоддзя ўвайшло ў перыяд Смуты. Сітуацыя пагаршалася голадам і адсутнасцю законных пераемнікаў на царстве. У гэтых умовах у беларускім Брагіне ў 1603 годзе з’яўляецца чалавек, у якім нашая шляхта прызнала расейскага царэвіча Дзмітрыя, сына Івана IV, які нібыта не быў забіты ў 1591 годзе, а цудам выратаваўся. У расейскай гістарыяграфіі ён атрымаў імя Ілжэдзмітрыя І.

У кастрычніку 1604 года Ілжэдзмітрый І з войскам з палякаў, ліцвінаў і запарожскіх казакоў выступіў на Маскву, дзе тады кіраваў цар з новай дынастыі Барыс Гадуноў. Паход ішоў з пераменным поспехам, але ў красавіку 1605 года Барыс памёр, а ягоны сын Фёдар не меў папулярнасці ў народзе. У чэрвені яго зрынулі з трону і неўзабаве забілі самыя масквічы. 20 чэрвеня 1605 года ўжо каранаваны Ілжэдзмітрый урачыста заехаў у Крэмль пад званы і радасныя крыкі натоўпу. Праўда, праз год яго забілі ў выніку змовы і паўстання.

Пасля забойства Ілжэдзмітрыя І новым царом стаў баярын Васіль Шуйскі. Але народ бударажылі пра тое, што царэвіч Дзмітрый выжыў і гэтым разам. У кастрычніку 1606 года Маскву няўдала спрабаваў захапіць Іван Балотнікаў, які хацеў вярнуць трон «законнаму гаспадару».

Князь Міхаіл Скопін-Шуйскі сустракае шведскага ваяводу дэ ля Гардзі блізу Ноўгараду (1609 год). Крыніца: runivers.ru

У 1607 годзе на Маскву з Беларусі вырушыў Ілжэдзмітрый ІІ, да якога з часам са сваімі атрадамі далучыліся ў тым ліку ліцвінскія шляхцічы Ян Пётр Сапега і Аляксандр Лісоўскі ды казацкі атаман, князь Раман Ружынскі. Узяць Крамля яны не здолелі, але сталі лагерам у Тушыне – за 19 вёрстаў ад яго. З гэтага лагеру тушынцы фактычна кіравалі Маскоўскім царствам, тады як Шуйскі быў замкнёны ў Крамлі. Аблога Масквы трывала паўтара года.

У студзені 1610 года Тушынскі лагер з дапамогай шведаў быў знішчаны, але ў адказ у вайну ўжо ўступіла ўласна Рэч Паспалітая. Войска ўзначаліў гетман польны каронны Станіслаў Жалкеўскі. Ягоныя перамогі выклікалі пратэсты і паўстанне ў Маскве, і ў ліпені Шуйскі быў зрынуты. Тады ж да Масквы, каб апярэдзіць войскі Рэчы Паспалітай, прыйшоў ізноў Ілжэдзмітрый ІІ. Але баярскі ўрад, які цяпер кіраваў горадам, пайшоў на пагадненне з Жалкеўскім, паводле якога новым расейскім царом абіраўся Уладзіслаў – сын караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы. Увосень 1610 года Жалкеўскі без бою ўвёў свае войскі ў Маскву.

Кіраваць маскоўскім гарнізонам быў прызначаны шляхціч з ВКЛ Аляксандр Гансеўскі. У 1611 годзе ён адбіў першую спробу расейскага апалчэння вярнуць кантроль над Масквой і задушыў паўстанне ў самім горадзе. Пры гэтым апалчэнцы здолелі ўзяць кантроль над большай часткай Масквы. Аблога выклікала голад у польска-ліцвінскім гарнізоне, які, паводле відавочцаў, спрычыніўся нават да канібалізму. Прарваць аблогу атрымлівалася вельмі рэдка. І ў лістападзе 1612 года гарнізон склаў зброю, але, нягледзячы на абяцанні маскоўцаў, быў у значнай ступені выразаны.

«Шугала агнём Масква»

У 1812 годзе расейскі фельдмаршал Міхаіл Кутузаў прайграў Барадзінскую бітву і без бою здаў Маскву французскаму імператару Напалеону І Банапарту. 14 верасня ў горад пачалі ўваходзіць французскія войскі, у тым ліку выхадцы з ужо няіснай Рэчы Паспалітай. Быў сярод іх і пляменнік апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага генерал Юзаф Панятоўскі.

Адначасова з уваходам французскіх войскаў у Маскве пачаліся падпалы. Гэткія «скіфскія» паводзіны збянтэжылі нават Напалеона. Сваю рэзідэнцыю ён размясціў у Крамлі, адкуль не толькі кіраваў усёй імперыяй, але і імкнуўся замірыцца з расейскім імператарам Аляксандрам І. Спрабаваў Напалеон наладзіць у горадзе і адміністрацыю на французскі лад, заснаваў мясцовы муніцыпалітэт і паліцыю. Аднак ужо ў кастрычніку французы пакінулі горад, а перад выхадам падарвалі (у асноўным няўдала) Крэмль.

ХХ стагоддзе

Падчас грамадзянскай вайны сваю спробу паходу на Маскву ўчынілі белыя войскі. У ліпені 1919 года пачаўся наступ Узброеных сілаў Поўдня Расеі на чале з генералам Антонам Дзянікіным. На ягоную думку, захоп гораду мусіў стаць вызначальным у разгроме бальшавікоў. Але супраць паспяховай спачатку аперацыі згулялі імперскія амбіцыі «белых», якія марылі пра адзіную і непадзельную Расею. У выніку бальшавікі здолелі замірыцца з Польшчай і Украінай ды вызваліць войскі для разгрому дзянікінцаў яшчэ ў Арлоўскай вобласці.

Найбольш блізка да Масквы за апошнія 200 гадоў падышлі нацысты ўвосень 1941 годзе. Ужо ў кастрычніку баі ішлі за 60–100 кіламетраў да Масквы. Найдалейшым пунктам прасоўвання нацыстаў пад Масквой сталі Хімкі, адкуль да ўласна Крамля заставалася каля 30 кіламетраў. Але 5 снежня 1941 года пачаўся савецкі контрнаступ, у выніку чаго ўдалося ўсё ж адкінуць нямецкія войскі ад сталіцы СССР.

Ці апошні?

24 чэрвеня 2023 года свой марш на Маскву пачалі і расейскія найміты з ПВК Вагнэра. Амаль не сустракаючы супраціву, падначаленыя Яўгенія Прыгожына прайшлі некалькі соцень кіламетраў. У выніку чаго самалёт Уладзіміра Пуціна, паводле традыцыі маскоўскіх князёў, пакінуў сталіцу і паляцеў у Санкт-Пецярбург. Але за 200 кіламетраў ад Масквы вагнэраўцы спыніліся і ў выніку перамоваў пагадзіліся адвесці свае сілы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Boris Alekseev / Anadolu Agency / ABACA / Abaca Press / Forum

Ці апошні гэта быў паход на Маскву, пакажа час. Нельга выключаць, што пакажа даволі хутка.

Бунт Прыгожына. Чым усё абернецца для Расеі

Макар Мыш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны