Крыніцы «Белсату» паведамілі пра замову на выраб 8000 матрацаў для вагнэраўцаў у Беларусі

Антопальская прадзільная фабрыка ў Берасцейскай вобласці атрымала тэрміновую замову на 8000 матрацаў, даведаліся крыніцы «Белсату». Вырабы спатрэбіліся для вагнэраўцаў, якія маюць прыехаць у Беларусь услед за сваім кіраўніком Яўгеніем Прыгожыным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: deal.by

Антопальская ватна-прадзільная фабрыка месціцца ў Драгічынскім раёне Берасцейскай вобласці. Там атрымалі тэрміновую замову на выраб 8000 матрацаў для вагнэраўцаў, кажуць крыніцы.

Прадпрыемства пагадзілася выканаць замову, аднак працоўных не стае: вольныя рукі шукалі на пінскай фабрыцы «Палессе». Там ніхто дапамагаць не хоча, сцвярджае суразмоўца «Белсату»:

«Людзей палохаюць, пагражаюць пазбавіць прэміяў».

Пад выглядам занепакоенага сваяка работніка «Палесся» мы патэлефанавалі дырэктару Антопальскай фабрыкі Алегу Юхніку. Той сказаў, што не ведае пра пошук супрацоўнікаў на «Палессі», што «ніхто такога не патрабуе» і што пра замову матрацаў для вагнэраўцаў чуе ўпершыню:

«Я як дырэктар гэтай фабрыкі заяўляю, што ніякіх тут замоваў ці размяшчэння чагосьці, вагнэраўцаў ці нейкіх яшчэ бандфармаванняў тут не было і не будзе, пакуль я тут дырэктар. Зразумеў?»

Антопальская ватна-прадзільная фабрыка. Фота: avpf.by

Раней расейскае выданне «Вёрстка» напісала, што каля Асіповічаў будуюць лагер для баевікоў ПВК Вагнэра, разлічаныя на 8000 месцаў. У Асіповіцкім райвыканкаме гэтых звестак не зняпраўдзілі і не пацвердзілі.

«У нас ніякай такой інфармацыі няма. Ну, і нават калі б была такая інфармацыя, то яна была б засакрэчаная. Ніякіх размоваў пра гэта не было, нічога», – заявілі ў выканаўчым камітэце.

Лукашэнка сказаў не баяцца баевікоў Групы Вагнэра – хоча скарыстацца іхным досведам

Пра тое, што кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын «сыдзе ў Беларусь», 24 чэрвеня заявіў спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў, а 26 чэрвеня расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін сказаў, што тым жа кірункам, калі хочуць, могуць пайсці і найміты.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што Прыгожын ужо ў Беларусі. Увечары «Беларускі Гаюн» паведаміў, што два самалёты бізнесоўца вылецелі з Мачулішчаў у Пецярбург. Ці быў ён сам на борце, невядома.

Ад стварэння міні-арміі Лукашэнкі да хатняга арышту. Які лёс чакае Прыгожына ў Беларусі?

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны