Удзельнік ПВК Вагнэра з пазыўным Брэст: Адкрываецца новы баявы кірунак – Беларусь

Удзельнік ПВК Вагнэра з пазыўным Брэст запісаў «тлумачальнае» відэа, у якім кажа, што Беларусь стала новым баявым кірункам, намякае на магчымы ўплыў на сітуацыю ў краіне перад выбарамі 2024 года і стратэгічна важнае становішча поўначы ад Украіны, якое цяпер займаюць найміты. Паводле звестак «Белсату», вагнэраўца завуць Аляксей Бярговін, ён з Магілёўскай вобласці, з Горак.

Удзельнік ПВК Вагнэра з пазыўным Брэст. Скрыншот з відэа: «GREY ZONE» / Telegram

Удзельнік ПВК Вагнэра з пазыўным Брэст патлумачыў, чым прыватная вайсковая арганізацыя будзе займацца ў Беларусі. Брэст мае беларускае паходжанне, ён у арганізацыі не першы год, цяпер адказвае за навучанне асабовага складу выкарыстанню цяжкога ўзбраення.

Паводле вагнэраўца, ПВК працягвае працу «ў звычайным рэжыме», адкрываецца новы баявы кірунак, што «для нікога ўжо не сакрэт».

«Нейкая частка супрацоўнікаў будзе працаваць у Беларусі. Што тычыцца дыслакацыі ў Расеі, то пакуль што ўсё пад пытаннем. Хутчэй за ўсё, перадамо тэхніку і ўзбраенне Мінабароны Расеі», – паведаміў вагнэравец.

Адносна мяцяжу Брэст кажа, што гэта было «нешта сярэдняе паміж імправізацыяй і тонка спланаванай акцыяй людзей, якія шмат што вырашаюць. І без інфармацыі, якую маюць яны, не трэба спяшацца з высновамі. Бо проста так назваць здраднікамі людзей, якія маюць вопыт, якога ніхто не мае, проста іх выкрасліць, проста дурасць такое рабіць».

Таксама вагнэравец паразважаў над тым, які ўплыў на сітуацыю ў Беларусі можа аказаць зʼяўленне вагнэраўцаў. «Па-першае, цяпер Рэспубліка Беларусь мае, можа быць, самае баяздольнае падраздзяленне ў свеце, перад выбарамі, што адбудуцца ў 2024 годзе. Па-другое, ад мяжы Беларусі да Кіева, калі мне не змяняе памяць, менш за 300 кіламетраў» (на самой справе да Кіева каля 80 кіламетраў – заўвага рэдакцыі). Для таго, каб расейскае Мінабароны зайшло з поўначы Украіны, патрэбны былі б нейкія прычыны, а так, кажа вагнэравец, цяпер «увесь натаўскі кантынгент у шоку, як гэта так атрымалася».

«Для мяне асабіста Беларусь такі ж кірунак, як і іншыя. Мы працуем у Лівіі, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, Малі і куды кіраўніцтва накіруе, туды і паедзем працаваць. Аднак, вядома ж, было б цікава папрацаваць у Беларусі. Я шчыра перажываю за тое, каб у нас (маецца на ўвазе Беларусь – заўвага рэдакцыі) павышалася баяздольнасць, каб «спяцы» пераймалі вопыт ПВК Вагнэра, бо не трэба мець ілюзіяў. Можа так здарыцца, што ў нашай краіне будуць развівацца сурʼёзныя падзеі і трэба быць да гэтага гатовымі», – выказаўся найміт.

Што тычыцца сітуацыі ў Расеі, то вагнэравец іранічна заўважыў, што цяпер у расейцаў ёсць магчымасць згуртавацца вакол прэзідэнта на  «фоне таго, што вагнэраўцы – здраднікі», а сілавікі так удала разабраліся з сітуацыяй, і правесці мабілізацыю.

Таксама Брэст заступіўся за «свайго кіраўніка», якому некаторыя расейскія «каментатары» пагражаюць расстрэлам, маўляў, ніхто не разумее, што адбываецца і «пасля бойкі кулакамі не махаюць».

Відэа-каментар найміта быў размешчаны ў тэлеграм-канале «GREY ZONE»:

Вагнэраўца з відэа завуць Аляксей Бярговін. Менавіта такія звесткі 29 студзеня 2019 года

З красавіка 2015 года ваяваў у Данбасе ў складзе 5-й батальённа-тактычнай групы «Рэспубліканскай гвардыі ДНР», меў розныя спецыяльнасці – ад кулямётчыка да інструктара. У канцы 2016 года Бярговін атрымаў дыплом аб другой вышэйшай адукацыі – ён завочна вучыўся ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, прыязджаў на сесіі проста з фронту. Акадэмія месціцца ў родным горадзе Бярговіна – Горках.

З размовы з бацькам найміта Уладзімірам Бярговіным «Белсат» тады даведаўся, што Аляксей прайшоў рыхтаванне на базе ПВК Вагнэра ў Молькіне ў Краснадарскім краі і прыблізна ў снежні 2018 года заязджаў дамоў, відаць, перад адпраўкай у Судан. Бярговін-старэйшы таксама расказаў, што ў лютым 2018 года да яго з ператрусам прыходзілі супрацоўнікі КДБ, пасля чаго Уладзімір перанёс мікраінсульт.

Як вядома, паводле заканадаўства Беларусі за найміцтва прадугледжаны крымінальны пераслед.

Паводле звестак «Белсату», відэакаментар Аляксея Бярговіна з пазыўным Брэст – гэта першы выпадак, калі найміт адкрыта прызнаецца, што служыць у ПВК Вагнэра. Да гэтага дня яны хаваліся.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны