Попыт, што не зніжаецца, і рэкордныя за 9 гадоў цэны. Бум на рынку нерухомасці не сціхае

Рынак нерухомасці зазнаў росквіт дзякуючы танным крэдытам і росту заробкаў. Кошт квадратнага метра жытла ў Менску перавысіў у траўні $ 1500 – упершыню з 2015 года. Нават у непапулярных Шабанах аднапакаёўкі падаражэлі за год на $ 8000.

Жылы комплекс «Малая Радзіма» ў Заводскім раёне сталіцы. Менск, Беларусь. 24 ліпеня 2021 года. Фота: Белсат

У траўні ў Менску аформілі 1590 угодаў куплі-продажу кватэраў, хаця звычайны паказнік для гэтага месяца – 1100–1300 дамоваў. Што праўда, у параўнанні з красавіком колькасць угодаў знізілася на 24 %, тады было 2100.

Збольшага куплялі і прадавалі ў сталіцы аднапакаёвыя кватэры, на іх прыйшліся 42 % усіх угодаў. Доля двухпакаёвак – 34 %.

У новых дамах, пабудаваных за два апошнія гады, купілі 10 % аб’ектаў ад агульнай колькасці. Самыя папулярныя раёны – Кастрычніцкі і Маскоўскі.

Квадратны метр у сталіцы падаражэў за месяц на 2,4 % і ў траўні каштаваў у сярэднім $ 1520 – такога не было з 2015 года. Квадратны метр аднапакаёвак наагул перавысіў $ 1600. Аднапакаёўкі каштуюць цяпер у Менску ў сярэднім $ 57,5 тысячы, двухпакаёўкі – $ 67 тысячаў, трохпакаёўкі – $ 95 тысячаў.

«Усё папрадавалі». За год кватэраў для арэнды паменела ў Менску на траціну

Цэны на жытло растуць у Менску як шалёныя. Напрыклад, у вядомых сваім іміджам Шабанах аднапакаёвыя кватэры падаражэлі за год на $ 8250 і цяпер каштуюць $ 47 тысячаў, а двухпакаёвыя – на $ 13,3 тысячы да $ 59,9 тысячы.

Нерухомасць даражэе праз выбухны рост попыту. Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна растлумачыла «Белсату», што кватэры хапаюць у сувязі з ростам прыбыткаў і таннымі крэдытамі. Калі ў красавіку 2022 года банкі пазычалі грошы фізічным асобам у сярэднім пад 13,25 % гадавых, то ў красавіку летась – пад 10,4 %, а ў красавіку сёлета – пад 9,93 %.

«Павышэнне заробкаў, няразвітасць фінансавага рынку з пункту гледжання фінансавых прадуктаў для інвестыцыяў, танныя крэдыты, абмежаванасць будаўніцтва жытла з дзяржаўным падтрыманнем і няразвітасць рынку арэнднага жытла прыводзяць да таго, што попыт на рынку нерухомасці агулам захоўваецца», – кажа Лузгіна.

Пры гэтым, адзначае эканамістка, тэмпы будаўніцтва жытла нельга назваць высокімі:

«У красавіку і траўні сёлета рост год да года быў, аднак агулам за студзень – травень 2024 года ў параўнанні са студзенем – траўнем 2023-га аб’ём уводу жытла ў эксплуатацыю знізіўся. Больш актыўна сціскаецца ўвод жытла для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў».

Як мяркуе Лузгіна, цэнам на нерухомасць яшчэ ёсць куды расці, бо не выглядае, што цяперашнія ўлады плануюць рабіць больш жорсткаю манетарную палітыку, і, адпаведна, крэдыты ў бліжэйшай перспектыве моцна не падаражэюць. А як захаваецца выкліканы даступнымі грашыма падвышаны попыт, то і падаражэнне кватэраў працягнецца.

«Калі мы кажам пра больш жорсткую грашова-крэдытную палітыку, то гэта адаб’ецца на актыўнасці рынку нерухомасці. Але мы пакуль не назіраем нейкіх сур’ёзных зменаў, асцярожныя крокі Нацбанку не прыводзяць да сур’ёзнага павышэння ставак, і перадумоваў для іх росту ў бліжэйшай перспектыве няма. Мы бачым высокія тэмпы эканамічнага росту і ўмераную інфляцыю, таму кардынальных зменаў чакаць не даводзіцца, адпаведна, цяперашняя сітуацыя на рынку нерухомасці пакуль будзе захоўвацца», – сказала экспертка.

Зрэшты, надоечы «Беларусбанк» паведаміў пра падаражэнне крэдытаў на набыццё гатовага жытла, стаўка вырасла з 14,4 % да 15 % гадавых, а для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, – з 11,5 % да 12,5 %. Аднак экспертка ў галіне нерухомасці Наталля Літоўская не чакае, што гэта спыніць рост цэнаў на кватэры:

«Абвалу можна чакаць, калі крэдыты наагул знікнуць, плаўнага зніжэння – калі стаўка крэдытаў вырасце да 17 %. А пры 15 % кошт квадратнага метра проста мае стабілізавацца. І не забываем, што стаўка 12,5 % гадавых не напужае чаргавікоў, яны з рынку не сыдуць».

Растуць попыт і цэны, аб’ёмы будаўніцтва – падаюць. Што адбываецца на рынку нерухомасці?

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны