У Беларусь прыбыла 13-я калона ПВК Вагнэра

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» раніцай 28 ліпеня паведаміла, што па трасе М5 ад Бабруйску ў кірунку Асіповічаў рухаецца калона наймітаў ПВК Вагнэра, якая налічвае як мінімум 80 адзінак аўтамабільнай тэхнікі.

У Беларусь прыбыла 13-я калона ПВК Вагнэра. Крыніца: Hajun_BY / Telegram

«У калоне прысутнічаюць бронеаўтамабілі «Шчука» («Чэкан»), бензавозы, ПАЗ, аўтобусы, КамАЗы тэнтаваныя і бартавыя, фуры і Уралы, пікапы і легкавыя аўто, некалькі тралаў, грузавік з маніпулятарам і буханкі», – паведамляе маніторынгавая група.

«Беларускі Гаюн» таксама адзначае, што некаторыя бронеаўтамабілі рухаюцца са змененай задняй часткай – у выглядзе КУНГа (тып закрытага кузава-фургона), на які нанесены крыж, як санітарная машына.

Таксама ў калоне быў заўважаны шэры аўтобус з чырвона-зялёным спалучэннем колераў, якое выкарыстоўваюць прыхільнікі рэжыму, і дзяржаўным гербам Беларусі.

Машыны рухаюцца на расейскіх нумарах ці на нумарах непрызнаванай ЛНР, у суправаджэнні ДАІ. Калона едзе ў кірунку намётавага лагера ПВК Вагнэра ў вёсцы Цэль пад Асіповічамі.

Папярэдняя, 12-я калона наймітаў ПВК Вагнэра заехала на тэрыторыю Беларусі праз КПП «Панятоўка – Звянчатка» ўчора, 27 ліпеня. У калоне было не меней за 50 адзінак аўтамабільнай тэхнікі, у тым ліку 5 бронеаўтамабіляў «Шчука» («Чэкан»), якія заязджалі і ў складзе папярэдняй калоны. Таксама ў калоне былі фуры, бензавозы, аўтобус, тралы з іншай тэхнікай, пікапы, легкавікі, «буханкі» і КамАЗы.

Бронеаўтамабілі «Шчука» («Чэкан») – адметны транспартавы сродак вагнэраўцаў.

Паводле ацэнак «Беларускага Гаюна», у Беларусі цяпер прынамсі 3500–3700 баевікоў групы Вагнэра. У адным з тэлеграм-каналаў, блізкіх да ПВК Вагнэра, сцвярджалася, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч наймітаў.

Раней Міністэрства абароны Беларусі паведамляла ў сваім тэлеграм-канале, што беларускія вайскоўцы праводзяць трэнаванні разам з байцамі ПВК Вагнэра на палігоне Берасцейскі, які размешчаны ўсяго за некалькі кіламетраў ад мяжы з Польшчай і недалёка ад мяжы ўкраінскай. У Галоўным упраўленні выведкі Украіны мяркуюць, што асноўная функцыя, якую будуць выконваць вагнэраўцы ў Беларусі, якраз і будзе зводзіцца да правядзення інструктажу беларускіх вайскоўцаў, а таксама застрашвання суседніх краінаў NATO.

«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны