Канал «ВЧК-ОГПУ»: Прыгожын загадзя пакінуў інструкцыі для ПВК Вагнэра на выпадак сваёй гібелі

Крыніцы буйнога расейскага тэлеграм-каналу «ВЧК-ОГПУ» сцвярджаюць, што Яўгеній Прыгожын у свой час склаў інструкцыю з алгарытмамі дзеянняў ПВК Вагнэра пры розных сцэнарах, сярод якіх і ліквідацыя ўсіх вярхоў наймітаў.

Згодна з гэтай інструкцыяй, пасля пацверджання смерці верхаводаў выканальнікам абавязкаў кіраўніка ПВК стаў камандзір з пазыўным Лотас. Пра гэта можа быць абвешчана адразу пасля пахавання Прыгожына – тады Лотас выйдзе з ценю, сцвярджае канал.

Каналы, звязаныя з вагнэраўцамі, адзначалі раней, што Лотас (сапраўднае імя Антон Елізараў) ужо кіруе баявой і вучэбнай працай ПВК. «Пасада Лотаса ў прынцыпе самая высокая ў іерархіі на дадзены момант», – падкрэсліваў канал «Оркестр Вагнера».

Паводле крыніцы «ВЧК-ОГПУ», «калі асноўная маса байцоў ПВК выязджала з Беларусі, камандзірам у строгім сакрэце было абвешчана, што адпачынак працягнецца тры тыдні, а потым большая частка групы паедзе ў Афрыку». У прыватнасці, гаворка вялася пра высадку ў Лівіі і Малі. «Але пасля катастрофы, зразумела, гаворкі пра гэта цяпер не ідзе. Групоўка ў Афрыцы ў нявызначанасці і страху за лёс», – піша канал. Хутчэй за ўсё, усе найміты, якія цяпер там, далучацца да Міністэрства абароны РФ, сцвярджае «ВЧК-ОГПУ».

Эскалацыйны статус-кво. Якія наступствы будзе мець гібель Прыгожына для Беларусі

Чуткі пра тое, што вагнэраўцы масава пакідаюць Беларусь, пачалі распаўсюджвацца ў пачатку жніўня. У чаце сваякоў наймітаў адно за адным пачалі з’яўляцца паведамленні, быццам вагнэраўцаў вывозяць з Беларусі – адпраўляюць дамоў у адпачынак, а потым тых, у каго ёсць замежны пашпарт, імаверна, выправяць у Афрыку. Таксама пра гэта паведамляў канал «ВЧК-ОГПУ».

Разам з тым, наўпроставых доказаў маштабнага вываду наймітаў з Беларусі няма. Не выключана, што гэтыя звесткі могуць быць дэзынфармацыяй.

Лукашэнка пра вагнэраўцаў: Яны нам усё аплачваюць

Нагадаем, што 23 жніўня стала вядома пра катастрофу ў Цвярской вобласці бізнес-джэта «Embraer Legacy 600», на якім ляцеў Яўгеній Прыгожын і галоўны камандзір наймітаў Дзмітрый Уткін. Выданне «Financial Times» са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляе, што самалёт быў збіты расейскай зенітна-ракетнай сістэмай. Паводле расейскіх медыяў, разглядаецца таксама версія аб тым, што ў адсек шасі была закладзеная выбухоўка.

Аляксандр Лукашэнка, каментуючы гібель Прыгожына, заявіў, што «”Вагнэр” жыў, “Вагнэр” жывы і “Вагнэр” будзе жыць у Беларусі, як бы некаму гэта ні не хацелася». «Тут застаецца ядро. Хтосьці зʼехаў у водпуск, хтосьці наогул вырашыў жыць убаку, але тэлефоны, адрасы, паролі, яўкі ў гэтым ядры вядомыя. Цягам некалькіх дзён усе будуць тут, да 10 тысяч чалавек», – падкрэсліў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі.

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны