Вучэнні «Захад-2023», імаверна, адменяць

Расея, хутчэй за ўсё, адмовілася ад правядзення стратэгічных вучэнняў «Захад-2023», мяркуюць у Міністэрстве абароны Вялікай Брытаніі.

Вучэнні павінны былі адбыцца ў верасні. На думку брытанскай выведкі, не праводзіць манеўраў пастанавілі праз нястачу войскаў і тэхнікі.

«Недастатковая эфектыўнасць расейскіх вайскоўцаў ва Украіне паказвае, што агульныя стратэгічныя вучэнні мелі абмежаваную навучальную каштоўнасць і ў асноўным ладзіліся для паказухі. Імаверна, Расея адмяніла «Захад-2023», бо ў яе ў наяўнасці замала войскаў і тэхнікі», – адзначаюць у аглядзе.

Акрамя таго, расейскае кіраўніцтва хоча пазбегчы крытыкі ў краіны праз паказальныя вучэнні падчас вайны, мяркуюць у брытанскай выведцы.

Супольныя расейска-беларускія вучэнні «Захад» ладзяцца кожныя два гады на тэрыторыі Беларусі і заходніх рэгіёнаў РФ. Пра намер правесці манеўры «Захад-2023» міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў у снежні 2022 года. Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» адзначае, што пасля гэтага пра вучэнні «Захад-2023» у публічнай прасторы не было практычна ніякай інфармацыі.

Каму пагражае «Захад-2021»?

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны