Раптоўная праверка баявой гатовасці ў вайсковых лётчыкаў у Мачулішчах. Што вядома

28 верасня, як паведамлялася раней, пачалася раптоўная праверка баявой і мабілізацыйнай гатовасці вайсковай часткі № 06752. На ўзбраенні гэтай авіябазы стаяць вайскова-транспартныя самалёты, транспартныя і штурмавыя верталёты.

Вайсковая тэхніка авіябазы ў Мачулішчах. Фота: «СБ Беларусь сегодня» / sb.by

Мінабароны паведамляе, што праверка баявой і мабілізацыйнай здольнасці вайсковай часткі раптоўная, але праводзіцца «ў адпаведнасці з Планам рыхтавання ВПС і войскаў СПА» і будзе праходзіць на працягу месяца.

«Падчас праверкі будзе адпрацоўвацца шэраг пытанняў, асноўнымі з якіх стануць прызыў і аднаўленне навыкаў ваеннаабавязаных, зняцце з захоўвання вайсковай і спецыяльнай тэхнікі з мэтай праверкі яе баяздольнасці», – гаворыцца ў паведамленні прэсавай службы вайсковага ведамства.

Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі: БЧ рыхтуецца да прыёму вайсковых эшалонаў з Расеі

З адкрытых інтэрнэт-крыніц вядома, што вайсковая частка № 06752 – гэта тое самае, што і 50-я авіяцыйная авіябаза, якая месціцца на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам. Паводле публікацыі інфармацыйнага агенцтва «Ваяр», штодня авіяцыйная база выконвае задачы дзяжурства па супрацьпаветранай абароне ў рамках Саюзнай дзяржавы, 24-гадзіннае дзяжурства для пошукава-выратавальнага забеспячэнні палётаў дзяржаўнай авіяцыі Беларусі, задачы ў інтарэсах Міністэрства ўнутраных справаў, Камітэту дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Акрамя таго, авіяцыйная база забяспечвае баявую падрыхтоўку і выкананне задач падраздзяленнямі Сілаў спецыяльных аперацыяў, а таксама вучэнні злучэнняў, вайсковых частак і падраздзяленняў Узброеных сілаў, у тым ліку ў межах міжнароднай вайсковай супрацы. Значны абʼём задачаў прыпадае на перавоз асабовага складу і грузаў, у тым ліку па міжнародных паветраных лініях.

Паводле інфармацыі агенцыі «Ваяр», на авіябазе тры разы на тыдзень праходзяць планавыя палёты. На ўзбраенні авіябазы ёсць транспартныя і выведныя верталёты Мі‑8, штурмавыя верталёты Мі-24 «Кракадзіл», вайскова-транспартныя самалёты Іл-76МД. У пазапалётны час лётчыкі займаюцца на трэнажорах самалёта Іл-76, верталётаў Мі-8 і Мі-24.

Што азначае раптоўная праверка з выклікам з запасу і раскансервацыяй

Улічваючы насычаны графік палётаў і трэнінгаў лётнага складу і інжэнерна-тэхнічнага персаналу, авіябаза ў Мачулішчах – адна з самых падрыхтаваных ва Узброеных сілах Беларусі. Яна здольная перакідваць на вялікія адлегласці вайскоўцаў разам з баявой тэхнікай і ўзбраеннем. Вайскова-транспартныя самалёты Іл, якія стаяць на ўзбранні авіябазы, могуць выкарыстоўвацца для дэсантавання Сілаў спецыяльных аперацыяў Беларусі, бо абсталяваныя адмысловай рампай у хваставой частцы.

Апроч самалётаў і верталётаў, якія выкарыстоўваюцца штодня, на базе ёсць пэўная колькасць авіяцыйнай тэхнікі, закансерваванай для доўгатэрміновага захоўвання. Яе раскансерваванне і праверка можа азначаць планы нарошчвання баявога парку для выканання нейкіх экстраардынарных задачаў. Для абслугоўвання выведзенай з захоўвання авіятэхнікі патрэбныя дадатковыя інжэнерна-тэхнічныя спецыялісты, якіх, імаверна, і выклікаюць з запасу.

Эксперты: Пуцін патрабуе ўдзелу Беларусі ў вайне, Лукашэнка ў нашай краіне больш нічога не вызначае

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны