Пятрас Аўштравічус: ПВК Вагнэра – доўгатэрміновая пагроза для Еўропы

У Еўрапарламенце адбылася дыскусія адносна прысутнасці баевікоў Групы Вагнэра ў Беларусі, на якой еўрадэпутаты абмеркавалі магчымыя пагрозы для еўрапейскіх краінаў у звязку з гэтым. Ініцыятарамі дэбатаў выступілі еўрадэпутаты Пятрас Аўштравічус з Літвы і Анна Фатыга з Польшчы. Пра мэты дыскусіі і неабходнасць агульнай міжнароднай рэакцыі на гэтую пагрозу ў жывым эфіры «Белсату» апавёў літоўскі дэпутат.

Цалкам каментар глядзіце тут:

Пятрас Аўштравічус мяркуе, што прысутнасць вагнэраўцаў у Беларусі – праблема не толькі суседніх з ёю краінаў, Літвы і Польшчы. Гэта выклік для ўсёй Еўропы, і адказ на яго павінен быць агульны. «Гэта нашая агульная задача», – тлумачыць сэнс абмеркавання гэтай тэмы на ўзроўні Еўрапарламенту яе ініцыятар. Найперш неабходна залучыць ПВК Вагнэра ў спіс тэрарыстычных арганізацыяў.

«Другое – сачыць за тымі дзеяннямі, якія могуць вынікаць з рашэнняў Расеі. Бо Група Вагнэра – не першы і не апошні выпадак стварэння такіх вайсковых арганізацыяў з падтрыманнем з бюджэту Расейскай Федэрацыі, а таксама мабілізацыя туды вязняў», – разважае еўрадэпутат. Паводле яго, усё гэта адбываецца з дазволу ўладаў.

«Таму нам трэба ведаць загадзя, адкуль і па якіх каналах можа прыйсці небяспечная сітуацыя, якія сродкі яны маюць. Гэта не аднадзённая рызыка, а доўгатэрміновая. Яе трэба разумець і рабіць патрэбныя захады на міжнародным узроўні», – падсумаваў Пятрас Аўштравічус.

Здымак вокладкі: overclockers.ru

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны