«Справа Зельцара»: дзве смерці, катаванні і заклік да тэрору. Што стала вядома за месяц

Загінулі два чалавекі. Затрымалі яшчэ дзве сотні тых, хто пісаў пра забойства, адно выданне мусіла сысці з Беларусі. Жонку забітага сілавікамі катуюць у СІЗА. Дэпутат заклікаў да тэрору. А адказы на галоўныя пытанні пра здарэнне так і не з’явіліся.

Страляніна ў менскай кватэры. 28 верасня 2021 года. Скрыншот: відэа КДБ

Два чалавекі загінулі пры незразумелых абставінах

28 верасня ў Менску падчас рэйду сілавікоў Андрэй Зельцар узяў у рукі зброю, калі «людзі ў цывільным» ламіліся ў ягоную кватэру. Пачалася страляніна. Былі забітыя гаспадар кватэры і супрацоўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі Дзмітрый Федасюк. Абодвух ужо пахавалі.

Дзяржаўныя медыі ў той жа дзень апублікавалі моцна адрэдагаванае відэа здарэння, якое выклікала вельмі шмат пытанняў.

30 пытанняў да афіцыйнай версіі страляніны на Якубоўскага

Сярод галоўных – хто страляў першы, ці страляў Зельцар, ці не свае ж забілі байца КДБ стрэламі ў спіну, чаму сілавікі паводзілі сябе так непрафесійна? Рэакцыя ўладаў выклікала толькі больш пытанняў.

Удаву забітага затрымалі, катуюць у СІЗА

Марыю Успенскую, удаву Зельцара, затрымалі падчас штурму кватэры сужэнцаў супрацоўнікі КДБ. Следчы камітэт паведаміў, што на жанчыну завялі крымінальную справу за суўдзел у забойстве байца КДБ, хоць на відэа дзяржаўных медыяў бачна, што яна толькі здымала здарэнне.

У жанчыны ў ізалятары на Акрэсціна сканфіскавалі вопратку, а ў камеры адключалі ацяпленне – катавалі холадам. Пазней яе перавялі ў следчы ізалятар на Валадарскага, а тыдзень таму – у псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі. У той момант сваякі ўпершыню здолелі перадаць жанчыне перадачу, бо падчас ейнага перабывання ў СІЗА ды ІЧУ работнікі ўстановаў адмаўляліся прымаць для жанчыны рэчы, харчы ды гігіенічныя сродкі.

«Выдатны зяць. Самы любімы чалавек» Кім быў забіты Андрэй Зельцар?

За апошні тыдзень навінаў пра стан Марыі або следчыя дзеянні вакол забойства не з’яўлялася.

Затрымалі 200 асобаў, якія нешта пісалі пра забойства

Праваабаронцы канстатуюць, што ў «справе Зельцара» затрымалі каля 200 асобаў – за каментары пра здарэнне. У дачыненні іх распачатыя крымінальныя справы паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і паводле арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»).

Затрыманым не даюць перадачаў, нават гігіенічных сродкаў, не перадаюць лістоў, не пускаюць адвакатаў. Некаторыя сваякі дасюль не ведаюць, з якой нагоды іхныя блізкія столькі часу застаюцца ў зняволенні.

«Блізкім не даюць перадаць нават гігіенічных сродкаў». Сваячка затрыманага ў «справе Зельцара»

Зняволены журналіст, закрылася беларуская «Комсомолка»

Журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле ч. 3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варажнечы») і арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу. Журналісту можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў.

Мажэйка быў перад затрыманнем у Расеі. Паводле галоўнага рэдактара «КП», расейскія спецслужбы прымусілі журналіста «КП в Беларуси» Мажэйку вярнуцца з Масквы ў Менск, дзе яго арыштаваў КДБ. Агучвалі і версію, што беларускія спецслужбы проста выкралі журналіста з Масквы.

Ахвяруючы іміджам. Што азначае «справа Мажэйкі» і выгнанне «КП» для стасункаў Масквы і Менску

Падставаю для пераследу журналіста стала зацемка, апублікаваная неўзабаве пасля таго, як стала вядома пра забойства Зельцара і байца КДБ. У матэрыяле, апублікаваным на сайце Kp.by, аднакласніца Зельцара дзялілася добрымі ўспамінамі пра забітага праграміста.

Зацемка выклікала абурэнне ўладаў: «КП в Беларуси» абвінавацілі ў абяленні тэрарыста і прапагандзе экстрэмізму. Раніцаю 29 верасня сайт Kp.by быў заблакаваны, а 5 кастрычніка маскоўскае кіраўніцтва «КП» абвесціла пра закрыццё свайго прадстаўніцтва ў Беларусі.

Расейская «Комсомолка» – любімая газета Уладзіміра Пуціна. Беларуская «КП» – асобнае з юрыдычнага гледзішча выданне, дый фактычна яно мела рэдакцыйную палітыку, не залежную ад Масквы. Крэмль спачатку крытычна і рэзка рэагаваў на затрыманне Мажэйкі ды атаку на беларускую «КП», аднак журналіст застаецца за кратамі, а Крэмль пра справу публічна ўжо не згадвае.

Рыторыка ўладаў – застрашванне і заклік да тэрору

Беларусы ўжо звыклі да пагрозаў нязгодным і распальвання варожасці ў дзяржаўных медыях. Ды адно выказванне ўсё адно здзівіла і абурыла шмат каго.

Былы кіраўнік Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі генерал-маёр Алег Белаконеў заявіў на пахаванні байца КДБ, што за аднаго загінулага супрацоўніка КДБ трэба забіць 20 ці 100 чалавек. У сацсетках згадалі, што менавіта так дзеялі нацысты падчас акупацыі Беларусі. На гэта ўлады ніяк не адрэагавалі.

Так працуе тэрарызм: каб баяліся ўсяго. Сацыёлаг пра рыторыку ўладаў пасля забойстваў у Менску

Пасля здарэння ў дзяржаўным тэлебачанні пагражалі ў тым ліку кампаніі «EPAM Systems», у якой працаваў Зельцар. Пагрозаў пакуль не зрэалізавалі.

Беларусы задаюцца пытаннем, ці іншыя паўтораць учынак Зельцара і возьмуць у рукі зброю. Паводле непацверджаных чутак, пра гэта думаюць і сілавікі. Гучаць развагі, што былога міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча прызначылі кіраваць Беларускім аб’яднаннем паляўнічых і рыбаловаў, каб на гэтай аснове стварыць узброены рэзерв, а ў нелаяльных уладам асобаў адабраць зброю.

Ад уладаў няма знакаў пра «разрадку», толькі ўзмацненне рэпрэсіяў і атмасфера застрашвання. За апошні месяц чаты сталі прызнаваць не толькі экстрэмісцкімі матэрыяламі, а яшчэ і экстрэмісцкімі фармаваннямі, за ўдзел у якіх пагражае крымінальная адказнасць, а твары сілавікоў у дзяржаўным тэлебачанні пачалі размываюць.

Чые смерці ў 2021 годзе звязаныя з палітыкай дзяржаўнага тэрору ў Беларусі

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны