Міністр абароны РФ заявіў аб завяршэнні «частковай» мабілізацыі

Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу 28 кастрычніка паведаміў расейскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну аб завяршэнні «частковай» мабілізацыі ў краіне. Паводле яго, агулам, як і планавалася, былі мабілізаваныя 300 тысяч чалавек. З іх 218 тысячаў праходзяць вайсковую падрыхтоўку, а 82 тысячы мабілізаваных ужо адпраўленыя ў зону баявых дзеянняў ва Украіну.

Прызыўнік размаўляе па тэлефоне падчас цырымоніі провадаў на вакзале ў Омску. Фота: Dmitry Feoktistov / TASS / Forum

«Адпраўку грамадзянаў, закліканых да мабілізацыі, завяршылі сёння. Апавяшчэнне грамадзянаў спыненае. Устаноўленае вамі заданне [прызваць] 300 тысяч чалавек выкананае. Ніякіх дадатковых заданняў не плануецца», – сказаў Уладзіміру Пуціну кіраўнік Міністэрства абароны.

Сярэдні ўзрост мабілізаваных – 35 гадоў, адзначыў міністр. «Падчас частковай мабілізацыі было накіравана ў войскі больш за 1300 прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады, больш за 27 тысяч прадпрымальнікаў. 13 тысяч грамадзянаў не дачакаліся позваў і адправіліся на фронт у якасці добраахвотнікаў», – даў справаздачу Сяргей Шайгу.

Шайгу дадаў, што ўдзельнікі баявых дзеянняў у зоне «спецаперацыі» атрымаюць статус ветэранаў баявых дзеянняў і «адпаведны пакет сацыяльных ільготаў».

Далей міністр абароны паабяцаў забіраць на вайну толькі кантрактнікаў і добраахвотнікаў. Таксама ён паведаміў, што на пачатковым этапе мабілізацыі былі праблемы з забеспячэннем мабілізаваных, але цяпер яны вырашаныя. Пуцін у адказ заявіў, што неабходна мадэрнізаваць усю сістэму працы ваенкаматаў.

Расейцаў, якія падпадаюць пад мабілізацыю, не выпусцілі з Беларусі

Нагадаем, раніцаю 21 верасня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выступіў са зваротам і абвесціў частковую мабілізацыю ў краіне. Міністр абароны Сяргей Шайгу заяўляў, што мабілізаваць плануюць 300 тысячаў з тых, хто ў запасе. Пасля гэтага расейцы пачалі масава з’язджаць з краіны, а праз некаторы час сталі зʼяўляцца паведамленні, што некаторых расейцаў, якія маглі б трапіць пад мабілізацыю, не выпускаюць з краіны.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны